У Брусэлі прайшоў экстраны саміт Эўразьвязу, прысьвечаны сытуацыі ў Грузіі.

Удзельнікі саміту прынялі рашэньне замарозіць перамовы аб партнёрстве з Расеяй да таго часу, пакуль расейскія войскі ня будуць выведзеныя з тэрыторыі Грузіі.

Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануль Барозу заявіў, што правядзеньне чарговага раўнду перамоваў, прызначанага на 15 верасьня, будзе залежаць ад руху расейскіх войскаў.

Жазэ Мануэль Барозу і прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі 8 верасьня выправяцца ў Маскву, каб пераканацца, ці Расея выканала патрабаваньні мірнага пляну.

Выступаючы пасьля саміту перад журналістамі, прадстаўнік Расеі пры Эўразьвязе Ўладзімір Чыжоў пракамэнтаваў яго вынікі так: “Нам гэтыя перамовы і гэтае пагадненьне патрэбныя ня больш, чым самому Эўразьвязу”.

Эўразьвяз асудзіў прызнаньне Расеяй незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і засьцярог іншыя краіны ад аналягічнага кроку. Перад пачаткам саміту гучалі заклікі да ўвядзеньня санкцый адносна Расеі, аднак у выніковым дакумэнце няма ўзгадак пра санкцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?