Як паведамляе La Vanguardia, сёння каталонская паліцыя забіла чалавека з «поясам шахіда» ў Субіратсе, што за 53 км ад Барселоны. Ім можа быць Юнес Абуякуб, які пратараніў мікрааўтобусам натоўп у Барселоне. Паводле інфармацыі газеты, паліцыя пацвярджае гэтыя звесткі.
Момант паліцэйскай аперацыі. Фота La Vanguardia.
Менавіта 22-гадовы Абуякуб, выхадзец з Марока, які жыў у горада Рыполь, мяркуе паліцыя, быў за рулём фургона, які 17 жніўня ўрэзаўся ў натоўп на пешаходнай вуліцы Рамбла ў Барселоне, забіўшы 13 чалавек.
Абуякуб здолеў уцячы з месца здарэння, і ад таго часу яго не маглі знайсці. Меркавалі нават, што яму ўдалося выехаць у іншую краіну.
Толькі сёння, паведамляе газета, яго ўдалося выявіць у гарадку Сан Садурні д'Аноя, дзякуючы супрацоўніцтву грамадзян. Сусед пабачыў, як чалавек, падобны да Абуякуба, выходзіць з дому. І кінуўся наўцёкі, калі яго запыталі, што ён тут робіць. Пра гэта паведамілі паліцэйскаму патрулю. Адразу ж разгарнулася аперацыя.
Раней галоўным падазраваным лічылі 17-гадовага Мусу Укабіра, але ён, відаць, толькі арандаваў фургон, скарыстаўшыся дакументамі свайго старэйшага брата.
Цела Укабіра выявілі сярод пяці зламыснікаў, застрэленых паліцыяй у той самы дзень пасля яшчэ аднаго тэракта-наезда ў каталонскім горадзе Камбрылс. Там яны наехалі сваім аўтамабілем на групу пешаходаў, забіўшы жанчыну і параніўшы яшчэ шэсць чалавек.