Google афіцыйна прэзентавала новую версію аперацыйнай сістэмы Android - Android 8.0 Oreo, паведамляецца ў блогу кампаніі.
Абнаўленне ўжо даступна для смартфонаў Pixel. Чакаецца, што неўзабаве загрузіць яго змогуць уладальнікі Nexus 5X і Nexus 6P.
Праграма была выпушчаная 21 жніўня — у дзень, калі на тэрыторыі ЗША назіралася сонечнае зацьменне. На анімацыйным роліку, прысвечаным новай АС, замест Месяца сонца аказваецца закрытым яе лагатыпам ў форме печыва Oreo, якое затым падае на Зямлю.
У Google заяўляюць, што Android Oreo — хутчэйшая за папярэднюю версію.
У яе з'явіліся новыя магчымасці — у прыватнасці, функцыя «Малюнак у малюнку», якая дазваляе бачыць два дадаткі адначасова, а таксама паказальнікі прапушчаных апавяшчэнняў (notification dot) побач з іконкамі на экране.
Вытворцы акрамя гэтага анансавалі палепшаны рэжым «не турбаваць», абноўленую сістэму бяспекі і новыя смайлы Emoji.
Да канца года ў Google абяцаюць зрабіць аперацыйную сістэму даступнай для Nokia, Huawei, HTC, Kyocera, LG, Motorola, Samsung, Sharp і Sony.