Беларускую мову пачнуць вывучаць ва Усходнееўрапейскім нацыянальным універсітэце імя Лесі Украінкі ў Луцку, ва Украіне. Аб гэтым у сацыяльных сетках паведаміў Юрый Громік, дэкан факультэта філалогіі і журналістыкі вышэйзгаданага ўніверсітэта. Мы звязаліся з Юрыем і задалі яму некалькі пытанняў. Дарэчы, на усе пытанні Юрый адказваў па-беларуску.

Юрый Громік, фота з сацыяльных сетак

Юрый Громік, фота з сацыяльных сетак

— Вывучэнне беларускай мовы ў Луцку — мая даўняя мара. З вялікай сімпатыяй стаўлюся да вашай мовы.

— З чым звязана гэтая мара? Мабыць, з беларускімі каранямі?

— Не, беларускіх каранёў ў мяне няма. Я ўкраінец, паляшук, а Палессе — гэта ўнікальны ў моўна-культурным аспекце рэгіён, які даўно аб’ядноўвае Украіну і Беларусь. Мая цікавасць да беларускай мовы мае прафесійны характар. Па адукацыі і прафесіі я філолаг, па навуковых інтарэсах — дыялектолаг. Яшчэ ў студэнцкія гады пачаў вывучаць заходнепалескія гаворкі, а яны, як вядома, лакалізаваныя ў межах некалькіх сумежных рэгіёнаў — Валынскай, часткова Ровенскай вобласці Украіны, Брэсцкай вобласці Беларусі, таксама на Падляшшы ў Польшчы. Асабіста я наведаў амаль 160 вёсак гэтага арэала, у прыватнасці бываў і на Берасцейшчыне. Пераканаўся, што Заходняе Палессе — гэта сапраўды ўнікальны край, а мясцовыя архаічныя гаворкі практычна аднолькавыя на Брэсцкім і Валынскім Палессі. Напрыклад, займеннік «вітэ», «вытэ» — «вы» як паважлівы зварот да старэйшай або незнаёмага чалавека ўжываюць ад Брэста да Ковеля і нават паўднёвей, але нідзе ў іншых славянскіх дыялектах такой формы няма. Яна ўнікальная, гэтая форма! Што цікава: яе часта ўжывала выбітная ўкраінская пісьменніца Леся Украінка. Вывучаючы заходнепалескія гаворкі, я чытаю адпаведныя працы вядомых беларускіх дыялектолагаў (у прыватнасці, таленавітага вучонага Фёдара Данілавіча Клімчука), беларускія дыялектныя, тлумачальныя, гістарычныя слоўнікі, манаграфіі і інш. Украінскія і беларускія дыялектолагі разыходзяцца ў тым, да якой мовы адносяцца гаворкі паўднёвай і цэнтральнай частак Брэсцкай вобласці, таму, каб для сябе зразумець сутнасць гэтай праблемы, я вывучаю беларускую мову, асэнсоўваю яе гісторыка-тыпалагічныя рысы.

Трэба перажываць за дакладнае вызначэнне лінгвальнага характару Заходняга Палесся і захаванне яго непаўторнага каларыту. Такога ж адэкватнага вызначэння і захавання патрабуюць беларускія гаворкі ў межах Украіны, у прыватнасці, на Чарнігаўшчыне.

Паколькі цяпер выкладаю студэнтам гісторыю ўкраінскай мовы, то цалкам натуральна дакранаюся пытанняў фарміравання і сваяцтва нашых моў, іх агульных і адметных прыкмет. Такім чынам беларуская мова стала зусім звыклай і зразумелай (вось толькі гаварыць на ёй мне цяжка: няма практыкі). Кожны раз радуюся, калі маю справу з вашай мовай, таму што яна мілагучная, багатая. А яшчэ — надзвычайна блізкая да ўкраінскай! Няма іншай мовы, яка была бы бліжэйшай да ўкраінскай, чым беларуская. Нашыя мовы істотна адрозніваюцца на фанетычным узроўні, але яны маюць велізарны супольны лексічны фонд. У рэшце рэшт, яны маюць вялікую супольную гісторыю!

А яшчэ, прызнаюся, мяне даўно трывожыць лёс беларускай мовы. У гэтым годзе ў траўні ў Менску быў удзельнікам міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст». Чуў вельмі трывожныя рэчы пра тое, што беларуская мова ў беларускай дзяржаве не займае належнага ёй месца: у адукацыі і навуцы, у сродках масавай інфармацыі, у сферы дзяржаўнага кіравання пануе іншая мова — руская… А няма іншай краіны, якая здольная захаваць беларускую мову! Знікненне гэтай мовы нельга дапусціць, таму што гэта была б вялікая страта для нашай цывілізацыі. Выкладанне беларускай мовы ў Луцку — гэта наш братэрскі жэст падтрымкі вам, беларусам.

Украінцам варта вывучаць беларускую мову, каб бліжэй пазнаваць беларускую духоўную спадчыну, у прыватнасці, літаратуру. Таксама беларусам варта вывучаць украінскую мову. Мы побач жывем стагоддзямі, але, на жаль, мала ведаем пра найбліжэйшага суседа; больш за тое, часам пазіраем у яго бок з некаторым недаверам, маем нейкія гістарычныя крыўды. Гэта трэба мяняць.

— Як даўно вы, як дэкан, спрабуеце ўключыць мову у праграму ўніверсітэта? На вашую думку, ці звязаны нейкім чынам сённяшні поспех з сустрэчай прэзідэнтаў, якая адбылася ў ліпені?

— Ідэя выкладання беларускай мовы ў Луцку існуе ўжо не адзін год. Ніякай спешкі няма. Нават без сустрэчы прэзідэнтаў мы б у гэтым годзе такі праект рэалізавалі (новы навучальны план з беларускай мовай я зацвердзіў за некалькі месяцаў да гэтай сустрэчы). А факт, што мы знайшлі падтрымку на самым высокім узроўні, толькі натхніў.

У пачатку 2000-х гадоў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна было руска-ўкраінскае аддзяленне, я нават меў невялікі досвед працы там (выкладаў студэнтам гісторыю ўкраінскай мовы, украінскую дыялекталогію). Потым праз пэўныя абставіны ў Брэсце ўкраінскую мову перасталі выкладаць, а я зацвердзіўся ў меркаванні, што трэба зрабіць крок з нашага боку — пачаць выкладанне ў Луцку беларускай мовы. Cпадзяёмся, што гэта дапаможа вярнуць украінскую мову ў Брэсцкі ўніверсітэт. Мы гатовы ў гэтым дапамагаць, у выпадку неабходнасці.

— Ці знаходзілі вы падтрымку ў студэнцкіх колах?

- Нашы студэнты адчуваюць да вашай мовы вялікую сімпатыю! У нас, напрыклад, навучаецца таленавітая паэтка Юля Фінкоўская, якая, не маючы ніякіх беларускіх каранёў і не вывучаючы беларускай мовы ва ўніверсітэце, спрабуе пісаць вершы на беларускай мове. Вось яе верш:

Глядзі на мяне!

Пакуль квецень носіць пад сэрцам
будучыя абрыкосы,
пакуль віны ў лісце вінаградным
тужліва галосяць,
пакуль смак чараўніцтва
цячэ з паветра ў косы,
пакуль месяц яшчэ босы,
глядзі на мяне!

Глядзі на мяне!

Я мару, каб яблыкі падалі тут
таксама глуха,
каб мары, як мора,
цяклі да вышыні вуха,
і птушкі маліліся ўслых —
стань і слухай —
каб без усялякага лішняга руху,
глядзі на мяне!

Глядзі на мяне!

Я побач біццём імклівым,
цяплом чароўным,
паміж намі словы такія,
што ўдых няроўны,
і вочы ў вачах адбіваюцца сном
двухмоўным,
цябе адчуваю,
як воўк адчувае поўню…

Глядзі на мяне!

Юля нават пагадзілася праводзіць на факультэце літаратурныя чытанні на беларускай мове. А навіну пра тое, што з новага навучальнага года пачынаем выкладанне беларускай мовы, студэнты ўспрынялі з захапленнем (некаторыя зацікаўленыя каментары можна прачытаць нават на маёй старонцы ў Facebook). Нашы выпускнікі мінулых гадоў, студэнты старэйшых курсаў, маладыя людзі, якія вучацца на іншых спецыяльнасцях, нават шкадуюць, што не мелі магчымасці вывучаць беларускую мову.

— Колькі разоў на тыдзень будзе выкладацца беларуская мова? Хто будзе яе выкладаць?

— У нас існуе праблема з выкладчыкам беларускай мовы (у Луцку такога, на жаль, пакуль няма, але падрыхтуем). Не хапае падручнікаў беларускай мовы. У гэтым годзе мы вырашылі звярнуцца па дапамогу да нашых партнёраў — да Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Напісалі рэктару Ганне Мікалаеўне Сендзер просьбу дэлегаваць да нас у другім семестры 2017—2018 навучальнага года выкладчыка беларускай мовы. На днях атрымалі з Брэста станоўчы адказ: выкладваць беларускую мову нашым студэнтам будзе кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі БрДУ імя А. С. Пушкіна Таццяна Аляксандраўна Кісель.

Беларускую мову ў рамках нарматыўнай (не факультатыўнай!) вучэбнай дысцыпліны «Другая ўсходнеславянская мова» будуць вывучаць студэнты 1 курса спецыяльнасці «філалогія (украінская мова і літаратура)». Гэта амаль 30 маладых людзей. Навучальны план на гэтую дысцыпліну прадугледжвае 34 гадзіны аўдыторных заняткаў на семестр (яшчэ шмат вучэбнага часу запланавана на самастойную працу студэнтаў). Заняткі будзем ставіць кампактна: выкладчык будзе прыязджаць на працягу семестра некалькі разоў, таму на кожны прыезд будзе інтэнсіўны тыднёвы курс беларускай мовы. Тады, калі падрыхтуем свайго штатнага выкладчыка беларускай мовы, зможам павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне студэнтамі-ўкраіністамі беларускай мовы.

Акрамя таго, мы ліцэнзавалі спецыяльнасць «філалогія (славянскія мовы і літаратуры)»; зараз там вядзем падрыхтоўку выкладчыкаў польскай мовы, але ёсць планы пачаць і там выкладанне беларускай мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?