Спецыялісты ГП «Мінскрэклама» ўжо распрацавалі канцэпцыю афармлення Мінска да Дня горада і вядуць актыўную працу па вырабе дэкаратыўных элементаў. Пра тое, як ўпрыгожаць сталіцу да 950-годдзя, агенцтву «Мінск-Навіны» распавёў дырэктар прадпрыемства Сяргей Хільман.

— Мы імкнуліся захаваць традыцыі, таму ў афармленні выкарыстаны колеры герба Мінска — сіні, чырвоны, жоўты. Яны застаюцца нязменнымі з года ў год. Будуць прысутнічаць у афармленні і колеры дзяржаўнага сцяга Беларусі, матывы дзяржаўнасці і гістарычнасці. На дэкаратыўных элементах намаляваныя знакавыя аб'екты і славутасці сталіцы, — распавёў С. Хільман. — У горадзе ўжо ўсталяваныя білборды з сюжэтамі, прысвечанымі 950-годдзю Мінска. Аднак большасць дэкаратыўных элементаў у горадзе з'явіцца да 3 верасня. Упрыгожваць сталіцу будзем паэтапна.

Таксама спецыялісты рыхтуюць дэкаратыўныя канструкцыі і малыя формы. Сярод іх — «Талісман», «Гармонік», «Зігзаг», «Медаль». Іх можна будзе ўбачыць на плошчах і вуліцах горада.

Спецыяльна да юбілею сталіцы ўзводзіцца рыцарскі гарадок у стылістыцы XI—XII стагоддзяў з вежамі, месцам для спаборніцтваў, намётавым лагерам, трыбунамі для гледачоў. Ён раскінецца на зялёнай зоне пр. Пераможцаў у межах вул. Мельнікайтэ і пр. Машэрава.

Падарункам Мінску і яго жыхарам стане вялікі торт, які ўсталююць каля гарадской Ратушы. На канструкцыі будуць намаляваныя знакавыя месцы і славутасці сталіцы, панарамы старажытнага горада. Упрыгожваць торт будуць лічбы — 950. Таксама каля ратушы ўсталююць розныя дэкаратыўныя формы.

Маштабныя канструкцыі з'явяцца і каля стэлы «Мінск — горад-герой». Там паставяць 9-метровыя лічбы 950 і літары Мінска. 

Плошчу Незалежнасці ўпрыгожыць пано з выявай ратушы і салюту. Яго змантуюць на фасадзе педагагічнага ўніверсітэта ім. М. Танка.

На самой плошчы ўсталююць дэкаратыўныя і сцягавыя канструкцыі. Сярод навінак — куб з сімволікай Мінска.

Святочна будуць упрыгожаны і пляцоўкі каля Палаца спорту і Вялікага тэатра оперы і балета.

Урачыстае аблічча набудзуць і галоўныя праспекты сталіцы, якія аформяць сцяжкі, пілоны, расцяжкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0