Глюкафілы — менавіта так называюць сябе калекцыянеры, якія збіраюць цукар са ўсяго свету. У Беларусі такіх — некалькі дзясяткаў, і самыя вялікія калекцыі налічваюць больш за 10 тысяч салодкіх асобнікаў. Сярод гэтых людзей мы знайшлі дзяўчат, якія, акрамя цукрафіліі, адметныя і беларусафільствам, і распыталі пра пярліны іх збораў.

Аксана Рудовіч, магістрантка Польскай вышэйшай школы сацыяльных даследаванняў

Аксана Рудовіч.

Аксана Рудовіч.

На днях Аксана пахвалілася тым, што ў яе назбіралася некалькі соцень «sugarbags». Калекцыя, улічваючы, што яна пачала адкладваць пакункі яшчэ 10 гадоў таму, невялікая, але выбітная сваімі ўнікальнымі экзэмплярамі.

«Я шмат падарожнічаю, і падчас адной з вандровак мне трапіўся вельмі прыгожы пакунак з Краіны Баскаў з палітычнымі заявамі на ім — з таго моманту я і збіраю незвычайны цукар. Што для мяне вельмі дзіўна, бо па жыцці я, наадварот, імкнуся пазбаўляцца ад хламу і раней нічога не калекцыянавала», — дзеліцца Аксана.

Дзяўчына ганарыцца сваёй эстонскай падборкай з цікавымі фактамі пра мясцовае насельніцтва і украінскай, дзе назвы абласцей упрыгожаны вышыванкай.

Украінскі цукар.

Украінскі цукар.

Цяпер Аксана жыве на здымнай кватэры, таму ўсе скрынкі з яе багаццем захоўваюцца ў бацькоў. Цукар адтуль яны шчыра стараюцца не чапаць, ды і сама гераіня імкнецца ўжываць яго па мінімуму, так што пакуль калекцыі нічога не пагражае (толькі калі да хобі не згубіць цікаўнасць сама гаспадыня).

Аксана дадае: «У нейкі момант я думала закінуць гэтую справу, аднак калі твае сябры ў курсе захаплення, то аўтаматычна працягваюць папаўняць запасы».

Каця Маркоўская, журналістка

Каця Маркоўская.

Каця Маркоўская.

Шмат асобнікаў для калекцыі Кацярыны таксама прывезлі сябры. Так, за азіяцкія падгоны яна асабліва ўдзячная Франаку Вячорку. Агулам жа Кацярына збірае цукар каля 12 гадоў. Праўда, лічыць, што яе 4 тысячы экзэмпляраў з 70 краін свету — гэта пакуль што досыць сціплае дасягненне. Хаця дома ўсё цяжэй схаваць гэтыя 30 кілаграмаў чыстай глюкозы.

Скрынка з расейскім цукрам.

Скрынка з расейскім цукрам.

«Нейкі час я была пасіўным калекцыянерам: проста прыносіла дамоў прыгожыя пакункі і бессістэмна складвала ў скрынку з-пад абутку. Калі яна запаўнялася, чысціла, выкідваючы ўпакоўкі, якія, на мой погляд, былі непрыгожымі. Цяпер жа падыходжу да справы адказна: нават завяла Excel-табліцу, дзе можна фіксаваць краіны і дакладную колькасць пакункаў з кожнай мясціны»,

— на новы ўзровень калекцыянавання дзяўчына перайшла, калі пазнаёмілася з аднадумцамі, іншымі беларускімі глюкафіламі. Цяпер яны разам не толькі камунікуюць анлайн, але і кожны квартал сустракаюцца ў горадзе, каб падзяліцца навінамі ды абмяняцца цукрам.

Бразільская серыя.

Бразільская серыя.

Самымі каштоўнымі экзэмплярамі ў калекцыянераў лічацца тыя, што фіксуюць месцы ці падзеі, якія засталіся толькі ў гісторыі: так, у Каці маецца цукар з былога Маскоўскага аўтаваказала, з кавярні «Upteka» ля кінатэатра «Перамога», месца якой сёння займае «Тапас Бар»… Цяпер рэчы адтуль — рарытэты.

Рарытэтны цукар з месцаў, якіх больш няма.

Рарытэтны цукар з месцаў, якіх больш няма.

Каця расказвае, што большасць глюкафілаў, дасягаючы пэўнай колькаснай мяжы, або пераходзіць на альбомнае калекцыянаванне абгортак (для гэтага трэба акуратна высыпаць цукар), або абіраюць сабе нейкую тэматыку: спыняюцца на пэўнай краіне, на тыпе транспарту ці вырашаюць займацца выключна цукрам з гатэляў. Калі такое здарыцца і з ёй, дзяўчына хоча сканцэнтравацца менавіта на беларускім цукры: «Мне вельмі падабаецца, як ён выглядае. Калі параўноўваць яго з тым, што ёсць у мяне з ЗША ці Вялікабрытаніі, то айчынныя асобнікі глядзяцца выйгрышна: у нас і паліграфія выдатная, і якасць паперы, і дызайн. Бываюць вельмі цікавыя серыі, як, напрыклад, з выявамі Мінска, ці беларускімі прыказкамі».

Беларускія асобнікі з розных месцаў.

Беларускія асобнікі з розных месцаў.

А гэта калекцыя з беларускай чыгункі.

А гэта калекцыя з беларускай чыгункі.

Амерыканскія абгорткі выглядаюць даволі нудна і проста.

Амерыканскія абгорткі выглядаюць даволі нудна і проста.

А вось італьянскі цукар, наадварот, адзін з самых крэатыўных.

А вось італьянскі цукар, наадварот, адзін з самых крэатыўных.

Серыя са Швейцарыі.

Серыя са Швейцарыі.

Мадагаскарскія экзэмпляры.

Мадагаскарскія экзэмпляры.

А якім незвычайным хобі можаце пахваліцца вы? Пішыце ў каментарах!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?