23 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Гэта быў востры грамадзянскі лірык, нацыянал-камуніст па пераканнях і адначасова гэта была шчымлівая душа.

Нарадзіўся Панчанка ў Таліне, куды беларускія сяляне з-пад Ашмяны (вёска Гедэйкі) выехалі на заробкі. Дзяцінства правёў у Бегам'і. Пасля жыў у Бабруйску.

Прыйшоў у літаратуру ў крывавыя 30-я, быў з «пралетарскага патоку», стараўся ісці ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі.

Наколькі, напрыклад, Максім Танк быў чалавекам «заходнебеларускага гарту» — гадаваным у атмасферы аўтарытарнай Польшчы, нацыянальнага руху, польскай прэсы, настолькі Панчанка быў «беларусам-усходнікам», які вырас ва ўмовах таталітарызму. 

Але гэта не забрала ў яго прыроджанага абвостранага пачуцця справядлівасці.

Калі СССР распадаўся, Панчанка пачынае бескампрамісны суд над самім сабою. За ўсё, што не зрабіў ці зрабіў не так.

Ён быў добрым сябрам, нязлым чалавекам і шчырым патрыётам. Адным з першых ён узняў голас у абарону беларускай мовы.

Многія ягоныя вершы былі «плакатнымі». Але ў яго былі і вялікія ўдачы, што сталі класікай беларускай — такой разнастайнай — паэзіі.

Вось некалькі вершаў Пімена Панчанкі. Учытайцеся ў іх. 

Мала сказаць: ненавiджу…

Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.

Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлуснёй не мiрыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць.

Гэтым бы i кiравацца…
Толькi і зло, i хлусня
Хiтра маскiравацца
Вучацца спрытна штодня.

Нехта i подлы, i хiжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам бiцца — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.

1976

Гэты верш Панчанкі быў геніяльна пакладзены на музыку Лявонам Вольскім:

А вось наступны верш Пімена Панчанкі быў напісаны ў 1964 годзе і падрэзаны савецкай цэнзурай:

Родная мова

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік - час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад…

Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна…
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!

1964

Драматычную, са збітым, задыханым рытмам апошнюю страфу цэнзары замянілі на гладчэйшае: 

Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.

* * *

Вайна зрабіла агромністае ўражанне на маладога Панчанку. Ён бачыў Купалу перад смерцю — і адкрыта расказваў, што той не сам загінуў, што яго забілі. Ён прайшоў франтавымі дарогамі, панюхаў дыму, як і ўсё тое пакаленне. Ягоныя ваенныя вершы вывелі яго ў першы шэраг літаратуры, што пуставаў пасля расстрэлу саветамі папярэдняй генерацыі. Панчанка пісаў не брындушкі, гэта была простая, але шчырая, з душы паэзія.

Краіна мая

Краіна мая, радасць мая,
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае.

Ты часта прыходзіш ка мне, як сон.
Хмараю праплываеш,
Птушкай садзішся на ціхі клён,
Звонкім дажджом ападаеш.

Тады ўспамінаецца ўсё да драбніц,
Што звязана з родным краем, —
Як жыта шуміць, як агонь зарніц
На дне азёр дагарае.

Як летам спякотным за днямі дні
Ішлі па іржышчы калючым…
Мы ранілі ногі аб камяні,
І нам не было балюча.

І не было нічога ярчэй
За сонца на родным небе,
І не было нічога смачней
Матчынага хлеба.

Вада з прыдарожнага ручая
Была саладзей за мёд нам…
Краіна мая, маці мая,
Лёс твой цяжкі і гаротны!

Топча, катуе тваю зямлю
Вылюдак ашалелы.
Я кроў да апошняе кроплі пралью,
Каб толькі табе палягчэла.

Ні славы, ні скарбаў я не хачу,
Мне б толькі прыйсці непрыкметна,
Зямлю сваю пад нагамі адчуць,
Надыхацца родным паветрам.

1942

Беларуская мова

Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Дратавалі, здзекваліся, мучылі…
Ты жыла і ў працы і ў баях.
Пра цябе, як сонечнае дзіва,
I Купала, ды і ўсе мы снілі сны…
Ад цябе, ласкавай і праўдзівай,
Адракаюцца цяпер твае сыны.
Пра народ мой, церпялівы, працавіты,
Помняць партызанскія лясы…
Хто за намі? Пакаленне прагавітых.
Халуёў я чую галасы.
Я спяваў пра жыта і пра жаўранкаў,
Ненавідзеў акупантаў і прыгнёт,
А сягоння — вялікадзяржаўнікаў,
Што разбэсцілі вялікі мой народ.

Навучылі не рабіць —
Хлусіць і красці.
Дзеці ў школы з іншай моваю бягуць.
Я хацеў, нашчадкі, вас праклясці,
Ды люблю сваю зямлю… і не магу.

1986

А апошні з прыведзеных тут вершаў Панчанкі быў пакладзены на музыку кампазітарам Ігарам Лучанком. Ён перадае тыя пачуцці, якія былі блізкія мільёнам людзей таго пакалення, што нарадзілася ў вёсцы, а памірала ў горадзе. Верш «Жытнёвы звон» адкрываў пасмяротны зборнік паэта, які выйшаў у 1996 годзе, праз год пасля смерці паэта. Ён пра любоў, якую ён пранёс праз усё жыццё і з якой паміраў.

Жытнёвы звон

Слухаць песню ў выкананні «Сяброў» можна тут

Калi за лета не ўбачу жыта,
Зраблюся хворым.
За мною тое, што перажыта,
Стаiць з дакорам.

Дубоў вялiкасць, бярозаў светласць
У зялёным дыме.
I свет адметны, i час прыкметны
Мы — маладыя.

А што засела ў сэрцы кволым
З часоў дзяцiнства?
А тая песня i матчын голас
У полi чыстым!

Такi любiмы, як вочы мацi,
Як сонца ў росах,
Яго за век ты не растрацiш
Той звон калосся.

Як позiрк мацi, такi ласкавы,
Да смерцi родны.
На радасць шчодры, на шчасце шчодры
Ён несмяротны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?