Рэгіянальны прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Віктар Казлоў з Гомеля звярнуўся 23 жніўня са скаргай да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. Ён просіць адмяніць накладзены на яго штраф за «гучную нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы» сёлета на Дзень Волі.

«Гэта ўжо апошняя ў Беларусі судовая інстанцыя, куды я звяртаюся, — кажа прафсаюзны актывіст Казлоў. — Ні Гомельскі абласны суд, ні намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч не ўбачылі ці проста не схацелі бачыць усёй абсурднасьці маёй адміністрацыйнай справы за «нецэнзурную лаянку».

Віктара Казлова амапаўцы Александар Сярдзюк, Раман Хурбатаў ды Аляксандр Семчанка схапілі 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі ён кіраваўся ў Гомель на «Марш недармаедаў — 2». Звыкла абвінавацілі ў гучнай лаянцы і непадпарадкаванні міліцыі, не ведаючы, што пасля аперацыі ў анкалагічным цэнтры і парэзу мышцаў гартані Віктар Казлоў гаворыць толькі шэптам. Двое сутак Казлова прэвентыўна трымалі ў ізалятары УУС Гомельскага аблвыканкама, а пасля на падставе міліцэйскіх пратаколаў суддзя Гомельскага раёна Тамара Застаўнецкая аштрафавала актывіста на тры базавыя велічыні — 69 рублёў. У суд першай інстанцыі Казлоў прадставіў даведкі пра аперацыю, выступаў доктар, сведка, суддзя чула, што маўленне ў актывіста парушана, а ўсё адно аштрафавала. 

«Я назваў амапаўцаў у судзе ілжэсведкамі. Няма сумневу, што ў іх быў загад ізаляваць мяне яшчэ да пачатку «Маршу недармаедаў». Праз штрафы суды апраўдваюць супрацьпраўныя дзеянні міліцыянтаў у дачыненні да актывістаў, не надта зважаючы на факты, якія выпіраюць яшчэ мудрэй, чым шыла з мяшка», — лічыць Віктар Казлоў.

У змаганні за справядлівасць прафсаюзны актывіст гатовы звярнуцца, калі спатрэбіцца, і ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?