Цягам ліпеня і жніўня на музычным сайце «Experty.by» былі змешчаны рэцэнзіі на ўсе альбомы гурта «N. R. M.».

На падставе адзнак крытыкаў быў складзены графік кар’еры калектыву, адпаведна якому з 2000 году гурт перажывае творчы спад.

Менавіта ў 2000 годзе выйшаў лепшы на погляд крытыкаў альбом «Тры чарапахі», які атрымаў 9,5 балаў з 10 магчымых.
Пасля яго гурт выпусціў два дыскі, адзнакі якіх былі ўсё ніжэй: «Дом культуры» (2002, адзнака 8,00) и «06» (2007, адзнака 7,00).

«Мяркую, што пра нейкі магчымы крызіс вымушае гаварыць не «Дом культуры», які заняў другое месца ў агульным рэтынгу альбомаў гурта, а менавіта апошні на гэты момант дыск «06», — адзначыў кіраўнік «Experty.by» Зміцер Безкаравайны. — Мне здаецца, наўрад ці можна сказаць, што «06» сапраўды слабы. Справа ў тым, што меркаванні адносна яго вельмі палярныя, як у публікі, гэтак і ў нашых крытыкаў. Хтосьці лічыць яго лепшым пасля «Трох чарапах», хтосьці — ледзь не найгоршым у гісторыі калектыву, але прычыны для гэтага не толькі музычныя. Таксама нельга забывацца, што гэты «крызісны» дыск увайшоў у лік 10 лепшых альбомаў 2007 году па версіі сайта «Experty.by». Таму ўсё вельмі адносна».

Лідэр «N. R. M.» Лявон Вольскі згодны, што рэакцыя публікі на альбом «06» вельмі розная. У сваіх каментарах да вынікаў даследвання ён тлумачыць магчымыя прычыны гэтай сітуацыі.

«У выпадку з апошнім альбомам (я пра «06») мне падаецца, што народ хацеў пачуць больш традыцыйны «N. R. M.», а атрымалася крыху па‑іншаму. Усё таму, што мы пішам, як атрымліваецца, як адчуваецца, як чуецца ў нейкі пэўны момант. Каб мы проста прагнулі ня страціць папулярнасць і заваяваць новых слухачоў, дык вынік быў бы іншы. Невядома ці лепшы. Нават у сэнсе гэтае папулярнасці», — мяркуе ён.

Найгоршым дыскам калектыву эксперты назвалі дэбютны альбом «La La La La» (1995), які атрымаў толькі 6 балаў. Поўную версію рэйтынгу, а таксама каментары і персанальны рэйтынг альбомаў «N. R. M.» ад Лявона Вольскага глядзіце на сайце «Experty.by»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?