Кіроўцу, які збіў бурага мядзведзя на трасе Мінск — Магілёў і з'ехаў з месца ДТЗ, пагражае вялікі штраф — 400 базавых велічынь (9200 рублёў) — жывёла занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Да таго ж кіроўцу пагражае штраф за тое, што з'ехаў з месца аварыі.

ДТЗ адбылося ноччу ў Бялыніцкім раёне. На месцы аварыі следчыя не знайшлі ні шкла, ні пластыку, што дазваляе зрабіць выснову, што звера збіў грузавік з жалезнымі кратамі.

— Наўрад ці кіроўца ноччу хадзіў і збіраў пластык або шкло, значыць, быў грузавік тыпу УАЗа. У імпартных велікагрузаў бампер пластыкавы, які-небудзь элемент застаўся б, а тут нічога не знайшлі. Па характары пашкоджанняў жывёліны відаць, што кіроўца працягнуў мядзведзя некалькі метраў, — распавёў паляўнічазнаўца Бялыніцкага лясгаса Аляксандр Лапіцкі. — Недалёка ад месца аварыі на запраўцы ёсць камера відэаназірання — магчыма, з яе дапамогай удасца знайсці кіроўцу.

За збітага звера, занесенага ў Чырвоную кнігу, кіроўцу пагражае вялікі штраф. Шкода прыродзе ацэненая ў 400 базавых велічынь — 9200 рублёў (каля 4800 даляраў). Дарэчы, столькі ж па законе прыйдзецца заплаціць за збітага зубра. За лася ці аленя кіроўцам пагражае штраф памерам 300 базавых велічынь.

Акрамя гэтага, кіроўцу пагражае пакаранне па лініі ДАІ за пакіданне месца ДТЗ: штраф ад 5 да 25 базавых велічынь або пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам да 2 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?