Кіраўнік шоў-балета «Феерыя», кіраўнікі дзяржаўнай установы «Мінскканцэрт» і дзяржаўных тэатраў — эстрады і моладзевага — ды некалькі чыноўнікаў з выканкаму. З гэтых асобаў складаецца мастацкі савет пры галоўным упраўленьні ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму, які за зачыненымі дзьвярыма вырашае каму дазваляць выступаць у Менску, а каму адмовіць. Гарадзенскаму музыку Алесю Дзянісаву з прэзэнтацыяй праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата на сцэну выходзіць не дазволілі.

Заяўнікам канцэрту быў кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін, які пасьля адмовы папрасіў патлумачыць як адбываецца разгляд заявы, хто ўваходзіць у склад савету і запатрабаваў пратакол паседжаньня. Аднак кіраўнік ідэалягічнага адзьдзелу Павал Скалабан адмовіў у прадастаўленьні гэтай інфармацыі. Пратакол паседжаньня атрымалася знайсьці ў Эканамічным судзе Менску, дзе Будкін аспрэчваў гэтае рашэньне ідэолягаў.

Мяркуючы з дакумэнту паседжаньне мастацкага савета ў выканкаме адбылося даволі хутка. Чальцы заслухалі чыноўніка Аляксандра Шастакова, які вынес на разгляд тэксты паэта Алеся Чобата, і вырашылі (адзінагалосна) параіць не праводзіць гэты канцэрт у сувязі з «низким уровнем исполнения исполнителем».

«Чыноўнікі ставяць кодэкс «Аб культуры» вышэй за Канстытуцыю і выкарыстоўваюць яго ў рэпрэсіўных мэтах, хоць у Мінкульце запэўнівалі, што ніякіх злоўжываньняў ня будзе. Тут злоўжываньне ўладай і цэнзура навідавоку. І мне шкада тых паднявольных людзей з дзяржаўных установаў культуры, якіх выкарыстоўваюць для наданьня легітымнасьці абсалютна абсурдным дзеяньням. Тым самым яны моцна псуюць імідж. І ня толькі свой ды сваёй установы і калектыву, але і ўсёй краіны», — кажа Сяргей Будкін.

У Эканамічны суд пададзена ўжо апэляцыйная скарга ў справе беспадстаўна забароненага канцэрту Алеся Дзянісава. Таксама накіраваны зварот у ідэалягічнае ўпраўленьне Менгарвыканкаму з патрабаваньнем забясьпечыць прысутнасьць арганізатараў, прадстаўнікоў выканаўцы і журналістаў на паседжаньнях мастацкага савету пры разглядзе заяваў на выданьне гастрольнага пасьведчаньня. У далейшым мяркуецца дамагчыся адмены гэтага ганебнага пункту кодэкса «Аб культуры».

P.S. Гурт Алеся Дзянісава Dzieciuki на гэтым тыдні быў выкрэсьлены са сьпісу ўдзельнікаў фэсту «LidBeer», дзе маюць выступіць «Крамбамбуля», «Петля пристрастия», Lumen і «Океан Ельзи». Гарадзенцы мусілі трапіць у лік выступоўцаў праз народнае галасаваньне, дзе лідзіравалі зь вялікім адрывам ад астатніх, але арганізатары зьнялі іх з дыстанцыі — нібы за накруткі. У адказ на заклікі прыхільнікаў байкатаваць фэст, Dzieciuki распаўсюдзілі зварот, у якім заклікаюць «не пароць гарачкі»: «На фэстывалі LidBeer будуць выступаць добрыя гурты, вартыя таго, каб паехаць! Падтрымайце Вольскага! Падтрымайце Вакарчука! Няхай вашым добрым настроем і сьмехам падавяцца нашыя і вашыя нядобразычліўцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0