Алесю Дзянісаву, лідару гарадзенскага гурта «Дзецюкі», не далі дазвол на выступ у Мінску. Займалася вырашэннем пытання мастацкая рада пры галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама. Складаецца яна з чыноўнікаў, дырэктараў тэатраў і кіраўніка шоу-балета «Феерыя».

Алесь Дзянісаў. Фота — belsat.eu

Алесь Дзянісаў. Фота — belsat.eu

Па выніках пасяджэння, прысвечанага творчасці Дзянісава, рада адзінагалосна вырашыла адмовіць таму ў правядзенні канцэрта «праз нізкі мастацкі ўзровень выканаўцы».

Пратакол пасяджэння апублікаваў журналіст Сяргей Будкін.

«Наша Ніва» вырашыла падрабязней пацікавіцца ў членаў рады, што ім не спадабалася ў творчасці Дзянісава.

Мастацкі кіраўнік установы «Мінскканцэрт» Алена Радзівонава не ўзгадала Дзянісава і гурт «Дзецюкі»:

«Канцэрт забаронены? Я не ў курсе…»

Даведаўшыся, што яе імя стаіць пад рэкамендацыяй адмяніць канцэрт, Радыёнава папрасіла перазваніць пазней, бо ў яе нарада. Пазней званкі сустракаў аўтаадказчык.

Аляксей Кісялёў, мастацкі кіраўнік шоў-балета «Феерыя», даў сапраўды феерычны адказ.

«Прайшло шмат часу, праз нас праходзіць шмат гуртоў, я ўжо не памятаю, што гэта за «Дзецюкі». Я сёння ўжо не скажу, што там за прычына забароны. Але скажу так — чаму не прапускаюць гурты? Таму што яны глядзяць, каб адлюстроўвала беларускую культуру. Вы ж разумейце, што ўсе мерапрыемствы і канцэрты, што праходзяць у Беларусі, нават замежных выканаўцаў, мусяць быць у рамках падобнага хаця б, каб не было нейкага дысананса. Вы гэта робіце ў Рэспубліцы Беларусь, правільна ж? Вось і, адпаведна, яно мусіць адлюстроўваць нейкае культурнае становішча, нейкую культурную… несці з сабой. Калі там не прапусцілі, значыць там былі пытанні, і пытанні ну як бы не такія, нязначныя, а сапраўды сур’ёзныя, таму што там, калі ў гурта штосьці не тое, тэкст не той — то пускаюць. Значыць, там у вас былі іншыя пытанні і вельмі вялікія», — патлумачыў «Нашай Ніве» Кісялёў.

Адмяніць канцэрт параілі праз «нізкі мастацкі ўзровень выканаўцаў». А хто для Кісялёва выканаўцы з высокім культурным узроўнем?

«Наві, Хлястоў… Ёсць кампазіцыі, якія адлюстроўваюць нейкую культуру, спадчыну Беларусі і гэтак далей… Вікторыя Алешка, Іна Афанасьева… «Дразды» мне асабіста падабаюцца! Там ёсць пытанні, але, у прынцыпе, гэта вельмі цікавы гурт, самабытны», — адказаў суразмоўца.

Намесніца начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама Надзея Вялікая, паведаміла, што памятае гурт «Дзецюкі».

Але чаму яна прагаласавала за адмену канцэрта?

«Наколькі я сёння валодаю інфармацыяй, усе дакументы адправілі на раду у Мінгарвыканкам, і там быў падрыхтаваны адказ. Адказам займалася ўпраўленне культуры», — адказала Вялікая.

Больш уцямнага адказу атрымаць не выйшла. Што ж, можа чыноўніца хаця б патлумачыць, што персанальна ёй не спадабалася ў мастацкім узроўні выканаўцы?

«Справа ў тым, што мая кампетэнцыя больш тычыцца ўстановаў адукацыі… Прабачце, вы ведаеце, колькі праз мяне адказаў праходзіць? Я ж не толькі той радай займаюся! Я — намеснік начальніка ідэалагічнай работы горада! Трэба азнаёміцца, што я там прапісала, што мне падабаецца, што не падабаецца — мне трэба адкрыць матэрыял», — сказала Вялікая.

Праўда, пазней яна ўсё ж патлумачыла, што музыка Дзянісава і «Дзецюкоў» гэта «не яе».

«Мне падабаецца Дзідзюля. Жанэт вельмі падабаецца, Ірына Дарафеева», — прывяла прыклады музыкаў з высокім мастацкім узроўнем чыноўніца.

Але ж, падкрэсліла Вялікая, яе музычныя густы не паўплывалі на рашэнне забараніць выступ Дзянісава. А што паўплывала, яна так і не змагла патлумачыць.

Дырэктар Моладзевага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў каментаваць гісторыю не стаў.

«Гэта калегіяльнае рашэнне было, таму абмяркоўваць яго будзе некарэктна. Безумоўна, яно складаецца з асабістых рашэнняў удзельнікаў камісіі, але абмяркоўваць гэта будзе няправільна, бо гэта калегіяльны орган. Напэўна, калі абмяркоўвалі, то былі прычыны», — паведаміў ён.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага моладзевага тэатра Віктар Старавойтаў узгадаў гурт «Дзецюкі», як і свой удзел у камісіі. Але ж, па яго словах, зусім не мае часу даваць які-небудзь каментар на гэтую тэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?