У часе выступу Л. Ярмошына хапалася некалькі разоў за галаву, казала: как вы нам надаелі!... Нехта іншы з ЦВК выгукнуў: какое возмутітельное выступленіе! Разоў сем крычалі: хваціт! хваціт!.. Прапануем тэксту выступу Сяргея Салаша, незарэгістраванага кандыдата па Барысаўскай вясковай выбарчай акрузе, пры абмеркаваньні ягонай скаргі ў ЦВК.

«Шаноўная грамада і Цэнтральная камісія!

Я, Сяргей Салаш, зьяўляюся ў чарговы раз незарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты. Падобная гісторыя для мяне ня новая. З упартым пастаянствам яна паўтараецца ад 2003 году, калі я спрабаваў балятавацца ў Барысаўскі гарадзкі савет дэпутатаў. Толькі сёньняшняя гісторыя з маёй нерэгістрацыяй набыла яшчэ больш звыродлівыя формы. Мяне абвінавачваюць у тым, што з 1.032 подпісаў, зарэгістраваных мною ў Акруговай камісіі, ажно 87 нібыта зьяўляюцца несапраўднымі, дэклярацыя аб маіх даходах за мінулы год быццам бы ўтрымлівае недакладныя зьвесткі. Да таго ж сакратарка гарадзкой акруговай камісіі Тацяна Стасава і намесьніца старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціна Шутко спрабуюць абвінаваіць мяне ў паклёпе, у тым, быццам, я назваў іх фальсыфікатарамі выбараў. І гэта, заўважце, менавіта ў тыя дні, калі адбываўся збор подпісаў.

Я склаў скаргу ў Цэнтральную камісію. Аднак склаў яе не для таго, каб дамагчыся праўды і даказаць сваю чысьціню перад маімі выбарнікамі. У гэтай камісіі дамагчыся праўды немагчыма а-прыёры. Не для таго яна ставаралася. Я склаў скаргу, прайшоўшы адпаведную працэдуру, каб паказаць міжнароднай супольнасьці і нашаму грамадзтву на маімі асабістым прыкладзе тое, што ніякіх свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі нават не намячалася.

А цяпер па пунктах маёй скаргі.

Пункт першы. Нагадваю, адной з прычынаў маёй нерэгістрацыі ёсьць тое, што сярод 1.032 подпісаў 87 зьўляюцца быццам бы несапраўднымі. Даведаўшыся гэтую лічбу я нават зьдзівіўся, а чаму, напрыклад, не 870 ці ня ўсе 1.032 без вынятку? Ведаючы, якія мэтады выкарыстоўваюць акруговыя камісіі пры адбракоўцы подпісаў можна было б дасягнуць і больш красамоўнай лічбы.

• У 2003 годзе мяне не зарэгістравалі па той прычыне, быццам бы, у мяне таксама былі несапраўдныя подпісы. Я запатрабаваў прадставіць імёны тых выбарнікаў, подпісы якіх былі прызнаныя несапраўднымі. Мне адмовілі іх прадаставіць. Зрэшты, я абышоў усіх падпісантаў асабіста і ўсе як адзін уласнаручна пацьвердзілі тое, што за мяне падпісваліся і дату ставілі ўласнаручна. Справа дайшла да суду. Згаданыя сёньня Стасава і Шутко абвінавачваліся ў падлогу дакумэнтаў. Суд, зразумела, прыняў бок чыноўніц. Ці будзе пасьля гэтага нехта сьцьвярджаць, што наш суд зьўляецца незалежным? Тыя выбары на маёй акрузе скончыліся поўным разгромам безальтэрнатыўнага праўладнага кандыдата. Людзі масава прагаласавалі супраць. Сёньня Стасава і Шутко спрабуюць прыцягнуць мяне да адказнасьці за паклёп.

• У 2004 годзе я балятаваўся паўторна ў мясцовы савет. Кандыдатам мяне ізноў дзіўным чынам не зарэгістравалі. Я сабраў подпісы, падрыхтаваў дакумэнты на рэгістрацыю, аднак заява аб тым, што я жадаю стаць кандыдатам некуды зьнікла. Гэта была фармальная зачэпка адмовіць мне ў рэгістрацыі. Старшынём камісіі была ўсё тая ж Валянціна Шутко. Выбары на маёй акрузе адбыліся на безальтэрнатыўнай аснове.

• У тым самым 2004 годзе я балятаваўся ў палату прадстаўнікоў. Выбарчая камісія адмовіла мне нават ў рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы. Сакратаром той камісіі была ўсё тая ж вышэйзгаданая Стасава. Прычына адмовы была ў тым, быццам адзін зь сябраў маёй ініцыятыўнай групы – жанчына – адмовілася ад удзелу. Я запатрабаваў назваць імя гэтага чалавека. Мне адмовілі. Я самастойна высьветліў акалічнасьці справы. Жанчына паведаміла мне, што да яе прыходзіла Стасава і дамаглася подпісу супраць мяне. Аб гэтым факце пісала незалежная прэса.

Я склаў скаргу ў тагачасную Цэнтральную камісію. Скарга мая задаволеная не была. І як памятаецца, старшынём Цэнтральнай камісіі тады была спн.Ярмошына, а сакратаром сп.Лазавік. Сёньня яны таксама ў тым самым статусе прысутнічаюць у тых самых сьценах Цэнтральнай камісіі.

Тады мне пашчасьціла. Я пасьпеў зарэгістраваць ініцыятыўную групу паўторна, аднак вымушаны быў кардынальна зьменшыць яе колькасны склад. Я вымушаны быў выкрасьліць зь яе ўсіх людзей, якія патэнцыйна маглі зазнаць удар сыстэмы на працоўных месцах.

• У 2007 годзе я балятаваўся ў абласны і мясцовы саветы. Адзіным канкурэнтам на гэтых выбарах выступіла ўсё тая ж спн. Шутко. Я сабраў подпісы, а таксама зафіксаваў цэлы шэраг парушэньняў выбарчага закандаўства з боку мясцовай камсіі і запатрабаваў выпраўленьня гэтых парушэньняў. Ад гэтага залежаў мой далейшы ўдзел у выбарах. Мае патрабаваньні не былі задаволеныя. Акрамя аднога, зрэшты зусім нязначнага: выбарчай камісіі, сакратаркай якой зьяўлялася спн. Стасава, прадаставілі асобнае памяшканьне для працы. Дагэтуль

камісія працавала ў працоўным кабінэце усё той самай спн.Шутко, якая вылучала сваю кандыдатуру ў Менскі абласны савет. Выбарчая камсія і будучы кандыдат адначасова працавалі за адным сталом. Ці не выбарчы маразм гэта?
Выбары на маёй акрузе зноў адбыліся безальтэрнатыўна. Шутко зрабілі дэпутатам, а я за тры дні да дня галасаваньня быў арыштаваны і пяць сутак правёў у вязьніцы.

ВЫСНОВА: Я абсалютна ўпэўнены, што праўды я ў гэтых сьценах не дамагуся. Акруговая камісія Барысаўскай сельскай акругі № 63, на якой я балятаваўся, сфармаваная без уліку пажаданьняў грамадзкасьці. Сваю кандыдатуру праз збор подпісаў сярод грамадзянаў прапаноўваў Алег Мацкевіч, юрысконсульт газэты «Барысаўскія навіны». Яго без тлумачэньняў прычынаў не ўключылі ў склад камісіі. У выніку камісія складаецца зь людзей адных установак, адной сыстэмы. Які можа быць давер да такой камісіі? Я напісаў заяву з патрабаваньнем прадставіць імёны тых выбарнікаў, подпісы якіх прызнаныя несапраўднымі, з тым, каб мець магчымасьць у трохдзённы тэрмін наведаць кожнага зь іх і ўзяць адпаведныя расьпіскі-пацьверджаньні. У маёй заяве мне было адмоўлена пісьмова і вусна (у мяне ёсьць аўдыёзапіс размовы з сакратаркай камісіі Тацянай Тарасевіч). За ўвесь час, калі я знаходзіўся ў статусе прэтэндэнта ў кандыдаты, з выбарчай камісіі мне аніводнага разу не патэлефанавалі, не праявілі ініцыятывы нават для таго, каб запрасіць на паседжаньне камісіі, падчас якой павінна было прымацца рашэньне аб маёй нерэгістрацыі. Тэлефанаваць давялося мне. А каб даведацца, што значыць датэлефанавацца да барысаўскай акруговай камісіі, трэба проста паспрабаваць гэта зрабіць. Гадзінамі гэтага немагчыма было ажыцьцявіць. У мяне ёсьць аўдыёсьведчаньні маіх намаганьняў. Акруговая камісія сьвядома пайшла на шляху прыхаваньня інфармацыі. У мяне ёсьць таксама аўдыёзапіс маёй размовы з сакратаркай камісіі Тарасевіч, якая адмаўлялася ў прадстаўленьні мне неабходнай інфармацыі. Ёсьць таксама ў мяне аўдыёзапіс размовы з супрацоўнікам сакратарыяту Цэнтральнай камісіі, які прадаставіў мне непраўдзівы тэлефонны нумар Барысаўскай акруговай камісіі у той момант, калі мне гэты нумар быў вельмі патрэбны. Як інтэрпрэтаваць мне ўсе гэтыя факты?

Пункт другі. Другая прычына нерэгістрацыі – быццам я прадставіў у акруговую камісію недакладныя зьвесткі аб сваіх даходах. А ў акруговую камісію я прадставіў зьвесткі пра ЖЫВЫЯ грошы, атрыманыя мною па месцы працы ва Ўкраіне, без уліку падаткаў. Сёлета ў сакавіку я складаў дэклярацыю аб даходах і маёмасьці ў Інспэкцыю па падатках і зборах па Барысаўскім раёне. У ёй была пазначаная сума, налічаная мне з улікам падатку, а таксама асобна быў пазначаны памер падатку, вылічаны з гэтай сумы ва Ўкраіне. Перада мной паўстала дылема – якую суму пазначаць ў дэклярацыі, якая патрабавалася ў акруговую камісію: 1. разам з падаткам ці 2. без падатку. Я палічыў, і гэта мае сэнс, што выбарнікаў цікавяць ЖЫВЫЯ грошы, якія я атрымаў па месцы працы. Гэтыя ЖЫВЫЯ грошы я і пазначыў у дэклярацыі. Калі ласка, назавіце мне хоць аднога кандыдата, які пазначыў у сваёй дэклярацыі таксама суму падаткаў, якую ён сплочваў з свайго заробку. Такіх Вы ня знойдзеце. А вось Барысаўская акруговая камісія вырашыла зрабіць мяне ўнікальным прэтэндэнтам. Яе зацікавілі таксама і мае падаткі.

ВЫСНОВА: Лічу гэтую падставу ў адмове мне ў рэгістрацыі цалкам надуманай.

Пункт трэці. Спн. Ярмошына на прэсавай канфэрэнцыі 29 жніўня распаўсюджвала несапраўдныя зьвесткі. Як вядома, сакратарка выбарчай камісіі № 62 спн. Стасава і намесьніца старшыні райвыканкаму спн. Шутко падалі на мяне заяву, абвінавачваючы ў паклёпе. Я лічу гэта сплянаванай акцыяй з мэтай перашкодзіць мне праводзіць выбарчую кампанію. Той факт, што мяне выклікалі ў міліцыю 18 жніўня а 10-00, у той дзень, калі я зьбіраўся рэгістраваць свае подпісы і неабходныя дакуманты ў акруговай камісіі, вельмі красамоўны. Я перакананы, што такім чынам мне спрабавалі перашкодзіць у рэгістрацыі. 18 жніўня, нагадаю, гэта быў апошні дзень падачы дакумэнтаў.

Гэтая інфармацыя дайшла да кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЭ сп.Арэнса. А спн. Ярмошына ва ўласьцівай ёй манеры перакруціла ўсё з ног на голаву. Яна афіцыйна сьцьвердзіла, што гэтая справа ня мае ніякага дачыненьня да ўціску на мяне як патэнцыйнага кандыдата і што выклікаўся я не 18-га, а 10 жніўня. Гэта хлусьня, спн. Ярмошына. У мяне ёсьць позва, якую я атрымаў ад капітана міліцыі Волкава і там пазначана 10-00 18 жніўня. Калі ласка, зьняпраўдзіце Вашыя выказваньні, зробленыя Вамі на прэсавай канфэрэнцыі 29 жніўня.

Вельмі сьмешнымі выглядаюць Вашы запэўніваньні аб тым, што заявы супраць мяне не зьяўляюцца перасьледам патэнцыйнага кандыдата.

Канешне, ніякага дачыненьня да перасьледу гэта ня мае. Таксама як ня мелі ніякага дачыненьня папярэднія факты ўціску на мяне як актыўнага ўдзельніка папярэдніх выбарчых кампаніяў:

1. арышт мяне за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе

2. арышыт мяне за тры дні да мясцовых выбараў у 2007 годзе

3. спроба ўзбудзіць супраць мяне крымінальную справу з боку ўсё той жа спн.Шутко падчас парляманцкіх выбараў 2004 годзе

4. арышт маёй кватэры і кватэры майго бацькі падчас мясцовых выбараў у 2007 годзе

Дзякуй! Чакаю Вашых тлумачэньняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?