Сёньня споўнілася сорак дзён з таго часу, як ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч абвясьціў за кратамі галадоўку. Яго ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы. Сёньня на судзе Мікалай Аўтуховіч падаў судзьдзі Мікалаю Рачынскаму хадайніцтва аб зьмене яму меры стрыманьня ў сувязі з пагаршэньнем здароўя у выніку галадоўкі.

Падсудны зазначыў, што калі хадайніцтва ня будзе задаволена, дык з заўтрашняга дня ён пяройдзе да сухой галадоўкі і гатовы нават памерці, але рашэньня свайго ня зьменіць.

Мікалай Аўтуховіч па-ранейшаму заяўляе, што лічыць сябе невінаватым і што ня верыць у справядлівасьць суду.

Судзьдзя прыняў хадайніцтва і паведаміў, што сваё рашэньне наконт яго абвесьціць заўтра а 10-й раніцы.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Ягоная крымінальная справа з красавіка разглядаецца ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні.

На час сьледзтва прадпрымальніка арыштавалі ўвосень 2005 году. Ён абвясьціў галадоўку за кратамі, якая цягнулася 74 дні. Пасьля гэтага яму зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт. 9 лютага сёлета ён уцёк з-пад хатняга арышту. Яго затрымалі праз два месяцы ў Менску і зноўку ўзялі пад варту.

Цяперашняя галадоўка прадпрымальніка пятая па ліку, тры ён правёў будучы на волі на знак пратэсту супраць вялікіх штрафных санкцыяў з боку падатковай службы.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0