Для сустрэчы зь беларускай школьніцай, якая пажадала застацца ў ЗША, у амэрыканскі гарадок Пэталума прыбыла здымачная брыгада праграмы «Максимум» з НТВ.

Мяркуецца, што Таня Казыра стане гераіняй аднаго зь верасьнёўскіх выпускаў расейскай тэлепраграмы «Максимум», піша Santa Rosa Press Democrat са спасылкай на словы маскоўскіх журналістаў.

Нагадаем, што роўна месяц таму, 5 жніўня, гэтая 16‑гадовая барысаўчанка адмовілася вяртацца дадому ў Беларусь. Яна надалей жыве ў Пэталуме ў сям’і Дэбры і Мануэля Запатаў, куды 9 гадоў запар прыяжджала на летнія вакацыі. Да канца дзеяньня сваёй турыстычнай візы (да 25 сьнежня) дзяўчынка будзе браць прыватныя ўрокі ангельскай мовы і чакаць рашэньня іміграцыйных уладаў ЗША адносна свайго далейшага лёсу.

Як заявіла амэрыканскім калегам аўтарка сюжэту пра Таню, расейская тэлежурналістка Ксенія Чубарава, «як і некаторыя амэрыканскія тэлечасопісы, «Максимум» засяроджвае ўвагу на скандалах, інтрыгах ды дасьледаваньнях шырокай аўдыторыі. Гісторыя з Таняй Казырай адпавядае гэтым канонам

…Шмат людзей у Расеі спачуваюць цяжкой сытуацыі дзяўчынкі, бо Беларусь — бедная краіна з карумпаваным урадам».

Маскоўская журналістка таксама назвала Беларусь паліцэйскай дзяржавай. Яна сказала, што гісторыя дзяўчынкі выклікала вялікі рэзананс ня толькі ў расейскай і беларускай тэлеаўдыторыі, але і сярод гледачоў іншых краін.

«Я думаю, што людзі хочуць, каб Таня змагла застацца ў Каліфорніі», — сказала прадстаўніца расейскай тэлепраграмы «Максимум».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0