Як паведамілі «Нашай Ніве» у прэс-службе пасольства ЗША ў Менску, Міністэрства фінансаў гэтай краіны зьняло на шэсьць месяцаў санкцыі супраць прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Шкловалакно».

Гэта стала магчыма пасьля таго, як афіцыйны Менск пайшоў на вызваленьне палітвязьняў. Гэты крок вітаўся Вашынгтонам як пазытыўны.

Ня выключана, што адменай санкцый супраць двух гэтых прадпрыемстваў справа не абмяжуецца, і да канца тыдня амэрыканскія ўлады абвесьцяць аб новых саступках у эканамічнай сфэры. Маецца на ўвазе размарожваньне рахункаў «Белнафтахіму», але тут яшчэ няма канкрэтыкі.

Нагадаем, што санкцыі супраць лідзкай «Лакафарбы» і полацкага «Шкловалакна» былі ўведзеныя 15 траўня ў дадатак да эканамічных санкцый у дачыненьні канцэрну «Белнафтахім».

Варта адзначыць, што на пазамінулым тыдні Менск наведваў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?