У Галяндыі выходзіць новы дыск беларускага піяніста Віталя Стахіевіча з трыма санатамі Пракоф’ева. Ці траціць клясычная музыка папулярнасьць у сьвеце? Як пачуваецца і на што можа разьлічваць беларускі музыка на Захадзе? Зь Віталём Стахіевічам гутарыць Наталка Бабіна.

«Наша Ніва»: Вы стала жывяце ў Галяндыі, ці не ўзьнікала жаданьня ампутаваць нацыянальнасьць, як гэта хочацца зрабіць Еве Вежнавец?

Віталь Стахіевіч: Для мяне гэта важнае пытаньне. Цяпер, калі папулярныя ідэі ўяўных ідэнтычнасьцяў, калі паўсюдна адмаўляюцца ад нацыянальных асаблівасьцяў, я, магчыма, выглядаю старамодным. Для мяне карані, мая нацыянальнасьць вельмі важныя. Яна мае ўплыў на тое, што я раблю. Працуючы над санатамі Пракоф’ева для дыску, я зразумеў, наколькі нацыянальная ідэнтычнасьць была важная для гэтага кампазытара: ён быў касмапалітам, унівэрсальным музыкам, тым ня менш, не адыходзіў ад расейскай музычнай традыцыі… Менавіта праз гэта ён вярнуўся з эміграцыі ў сталінскую Расею, дзе ягоную жонку забяруць у лягер, дзе яго будуць крытыкаваць ва ўсіх газэтах — але ён ня мог не вярнуцца.

«НН»: Як Вы бачыце сваю будучыню? Вас таксама цягне ў Менск, як Пракоф’ева ў Маскву, ці цяпер можна жыць у Амстэрдаме і адчуваць сябе паўнавартасным беларусам?

ВС: Цяпер не такая драматычная сытуацыя. Сёньня можна падарожнічаць без праблемаў у рэальнай і віртуальнай прасторы. Мяне заўсёды інтрыгуе такі панятак, як паралельнасьць часу. Калі падарожнічаеш, вельмі выразна адчуваеш гэтыя незьлічоныя плыні часу, і тое, што толькі адзінкавыя зь іх рэалізаваныя. Музыка — мастацтва, якое найбольш шчыльна судакранаецца з гэтымі плынямі часу. Магчымасьць падарожнічаць у часе, рэальна падарожнічаць — гэта мая мара.

«НН»: Геніяльны спадар Айнштайн давёў, што гэта магчыма.

ВС: Геніяльныя кампазытары таксама даводзяць, што гэта магчыма. Музыка існуе ў часе, але і па‑за ім таксама. Кожны выканаўца можа ўкласьці ў музыку тое, чым ён жыве цяпер, — і ўвайсьці ў плынь таго часу, той сьвядомасьці, якая была ў часы кампазытара, твор якога ён выконвае.

«НН»: Што Вы ўкладаеце ў музыку, якую выконваеце?

ВС: Мне хочацца мінімізаваць вонкавыя эфэкты. Мне ня хочацца сваёй постацьцю замінаць успрыманьню музыкі. Хочацца, каб публіка была менавіта слухачамі, а не гледачамі. Задача піяніста — уважліва глядзець у ноты. Якую задуму меў кампазытар? А скакаць над клявішамі, як малпа, — гэта непатрэбна.

«НН»: Параўнайце гледачоў тут і ў іншых краінах.

ВС:

На Захадзе публіка расьпешчаная: усё ведае, усіх чула. У яе спажывецкі падыход: падабаецца — не падабаецца, яны ставяцца да артыста як да тавару.
Папулярнасьць клясычнай музыкі падае. Спажывецкае грамадзтва вольнае выбіраць тое, што яму падабаецца, і часта гэта не ідзе на карысьць мастацтву. Ты выходзіш на сцэну, і цябе разглядаюць як поп‑зорку. Як ты выглядаеш, як сябе паводзіш. Але ж гэта мае ўскоснае дачыненьне да музыкі. Зь іншага боку, заходняя публіка вельмі адукаваная, яна можа параўнаць цябе з самымі выдатнымі выканаўцамі. Мне падабаецца выступаць у невялікіх гарадках, у тым ліку і ў Беларусі. Берасьцейскія гледачы падаюцца асабліва цёплымі.

«НН»: Вы кажаце, што клясычная музыка страчвае папулярнасьць. Але ж у часы Бэтховэна, канцэрты якога Вы граеце, ягоная музыка была даступная толькі эліце, а цяпер яго слухае шырокае кола людзей.

ВС: Артэга‑і‑Гасэт пісаў, што ў ХХ ст. паняцьце элітарнасьці мастацтва ўжо зьнівэлявалася. Мы ня можам ведаць, як там было ў часы Бэтховэна насамрэч, мы можам толькі мадэляваць гэтую сытуацыю. Але ж дакладна, што ў ягоныя часы ягоная музыка не была даступная столькім людзям, як цяпер. Аднак сёньня выбар публікі ўсё радзей бывае на карысьць клясыкі.

«НН»: Ці можаце Вы ацаніць стан канцэртнага жыцьця ў Беларусі?

ВС: У параўнаньні з савецкімі часамі канцэртнае жыцьцё здрабнела. Тады ў Беларусь часьцей прыяжджалі вядомыя выканаўцы. Цяпер мы больш варымся ў сваім соку.

«НН»: Але нястача грошай не замінае запрасіць якога Кіркорава, пры гэтым на такім канцэрце будзе прысутнічаць Лукашэнка. Нешта не магу ўявіць яго ў залі кансэрваторыі.

ВС: Але Лукашэнку цалкам магчыма пабачыць у залі опэрнага тэатру.

«НН»: Так? Ён любіць опэру?

ВС: Ці любіць, ня ведаю, але ён наведваў опэру і балеты. Таму я не ацэньваў бы так адназначна. Іншая рэч, што раней у гісторыі нашай краіны былі сытуацыі, калі ў насельніцтва на ўзроўні дзяржавы нейкім, можа, ненатуральным чынам фармаваліся больш высокія густы. Але гэта выключэньні. Так што цяпер у Беларусі ўсё адбываецца натуральна. Проста павінен быць выбар, што слухаць, і тады ўсё бу¬дзе натуральна, жыцьцё само расставіць акцэнты.

«НН»: Ці існуе цяпер на Захадзе падтрымка дзяржавай той ці іншай музыкі?

ВС: У некаторай ступені ёсьць. Такую падтрымку атрымліваюць найбольш каштоўныя, найбольш вядомыя музычныя калектывы, але падтрымка гэтая невялікая. У прынцыпе ж усё рэгулюецца рынкам.

«НН»: Якой музыцы Вы аддаяце перавагу як выканаўца і як слухач?

ВС: Музыцы рамантычнага складу. Але граю і Гайдна, і Моцарта, і сучасную музыку. І слухаю ў асноўным таксама акадэмічную музыку.

«НН»: Дзе Вас могуць пачуць жыхары Беларусі?

ВС: Кожны год я граю ў менскай Філярмоніі. Можна пачуць мяне і на маім сайце: www.stahievitch.com.

«НН»: Ці прыносіць матэрыяльны прыбытак Вашая музычная дзейнасьць?

ВС: Так, толькі зь яе і жыву. Пакуль гэтае жыцьцё досыць сьціплае, але, спадзяюся, з ростам прафэсійнага майстэрства і я пабагацею (сьмяецца).

Віталь Стахіевіч нарадзіўся ў Менску. Музычную адукацыю атрымаў у Менскай ды Амстэрдамскай кансэрваторыях, бязьмерна ўдзячны сваёй настаўніцы прафэсару Зоі Качарскай. Жыве ў Амстэрдаме і выступае з канцэртамі па ўсім сьвеце. Цудоўна гаворыць па-беларуску - мову ўспадкаваў ад сваіх палескіх продкаў, але беларуская мова была таксама ягоным дарослым выбарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0