Прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі выратаваў Тбілісі ад разбурэньня, заявіў у інтэрвію Польскаму грамадзкаму тэлебачаньню (TVP INFO) прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.

Інтэрвію Саакашвілі трансьлявалася вечарам у прайм‑тайм у нядзелю 7 верасьня.

«Расейцы хацелі бамбіць Тбілісі, аднак адмовіліся ад гэтай задумы, бо там (у сталіцы Грузіі) знаходзіўся прэзыдэнт Лех Качынскі разам з прэзыдэнтамі дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы».

М. Cаакашвілі падзякаваў Качынскаму і міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму за «ангажаванасьць у грузінскія справы ў самы складаны момант».

novonews.lv

***

На тэрыторыі Паўднёвай Асеціі, каля гораду Каралеці патруль расейскіх вайскоўцаў і асецінскіх міліцыянтаў затрымаў групу журналістаў Польскага тэлебачаньня (TVP), паведамляе польскі партал Puls Biznesu. У журналістаў канфіскавалі ўсю апаратуру, што знаходзілася ў іхным аўто, у тым ліку камэры і мабільныя тэлефоны. Затрыманых адвезьлі ў невядомым накірунку і на дадзены момант іх месцазнаходжаньне невядомае.

Па розных зьвестках, цягам вайсковага канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй былі забітыя тры журналісты і дванаццаць параненыя. 14 жніўня расейскі вайсковец абстраляў журналіста ў Поці, а 15 жніўня ў Цхінвалі пад абстрэл патрапілі турэцкія журналісты, адзін быў паранены ў галаву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0