Падчас сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства ў Барысаве былі падведзеныя вынікі нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі—2008».

«Залаты фаліянт» пераможцы ў намінацыі «Найлепшы фотаальбом» атрымала кніга Дзяніса Раманюка «Мой шлях Беларусь». А за фатаздымкі да гэтага альбому, а таксама альбому «Чарнобыль», ён быў уганараваны ў намінацыі «Найлепшы фотамастак».

Дзяніс Раманюк больш за дзесяць гадоў распрацоўвае тэму беларускага краявіду. Пабываўшы з фотаапаратам амаль ва ўсіх кутках Беларусі, фотамастак адзьняў сотні стужак, якія захоўваюць чароўныя і бясконца прыгожыя выявы прыроды. Беларускія краявіды, зафіксаваныя ў розныя поры года і сутак, разам зь сьвітанкамі і заходамі, туманамі і навальніцамі сплятаюцца ў чароўную нізку мастацкіх твораў.

У фотаальбом «Мой шлях — Беларусь» Раманюк уклаў найлепшыя творы з гэтай сэрыі. Усяго на старонках альбому 86 фатаздымкаў. Гледачы пабачаць ня толькі вядомыя геаграфічныя месцы і помнікі архітэктуры — яны атрымаюць магчымасьць зазірнуць у схаваныя ад асноўных дарог і турыстычных маршрутаў куткі Беларусі, якія захавалі «некранутую прыгажосьць».

Дзяніс — аўтар НН ад 1991 году. Некаторыя з фотаў, што ўвайшлі ў кнігу, публікаваліся на старонках выданьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?