8 верасня на 79‑м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр буйны беларускі прамысловец Міхаіл Лаўрыновіч. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Беларускай навукова‑прамысловай асацыяцыі (БНПА).

Міхаіл Лаўрыновіч нарадзіўся 1 снежня 1929 года ў вёсцы Цялуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Уся яго працоўная дзейнасць з 1950 па 1994 гады звязана з Мінскім аўтамабільным заводам, дзе ён прайшоў шлях ад наладчыка да генеральнага дырэктара ВА «БелаўтаМАЗ» — найбуйнейшага ў Еўразіі вытворцы вялікагрузных аўтамабіляў. Як лічаць у БНПА, шмат у чым дзякуючы настойлівасці Міхаіла Лаўрыновіча быў створаны той вытворчы і кадравы патэнцыял, які дазволіў беларускаму аўтамабілебудаванню паспяхова пераадолець эканамічны крызіс, што адбыўся пасля распаду СССР, і выйсці цяпер на вядучыя пазіцыі ў краінах СНД.

«Міхаіл Іванавіч — адзін з заслужаных арганізатараў вытворчасці, чыё імя назаўсёды ўпісана ў гісторыю прамысловасці Беларусі. Ён зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё прамыслова‑прадпрымальніцкага руху», — падкрэслілі ў асацыяцыі.

М.Лаўрыновіч двойчы ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі «Знак Пашаны» і Дружбы народаў. Лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, мясцовых саветаў, быў членам ЦК КПБ. Яму прысвоены ганаровыя званні «Заслужаны машынабудаўнік БССР» і «Ганаровы грамадзянін горада Мінска».

М.Лаўрыновіч стаяў каля вытокаў стварэння Навукова‑прамысловага саюза СССР, Міжнароднага Кангрэсу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, ААТ «Прыёрбанк». Ён таксама адзін са стваральнікаў Беларускай навукова‑прамысловай асацыяцыі, якую ён узначальваў з 1990 па 2000 гады і ганаровым старшынёй якой быў да апошніх дзён.

Грамадзянская паніхіда адбудзецца з 11 да 14 гадзін 10 верасня ў Доме культуры МАЗа. Яго пахаванне пройдзе на Усходніх (Маскоўскіх) могілках сталіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?