Сусьветны банк апублікаваў штогадовы рэйтынг ўзроўню прывабнасьці краінаў для вядзеньня бізнэсу. У сьпісе са 181-й пазыцый Беларусь заняла 85-е месца але апынулася сярод лідараў ў галіне рэформаў.

Краіны ацэньваліся паводле 10-ці паказчыкаў. Галоўныя крытэрыі рэйтынгу: спрыяльныя ўмовы для рэгістрацыі новых прадпрыемстваў, рэгуляваньня іхняй дзейнасьці, найму работнікаў, абароны правоў інвэстараў і ўласнасьці, а таксама даступнасьць крэдытаваньня і празрыстасьць падаткаабкладаньня.

Са справаздачы Сусьветнага банку вынікае, што паводле найбольш спрыяльных умоваў для бізнэсу першыя пяць месцаў займаюць Сынгапур, Новая Зэляндыя, Злучаныя Штаты, Ганконг і Данія. Аднак у справаздачы адзначаецца і іншае: чатыры зь дзесяці краін сьвету, якія рэалізуюць найбольшую колькасьць рэформаў ў галіне нарматыўна-прававога рэгуляваньня , знаходзяцца ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Гэта - Азэрбайджан, Альбанія, Кыргыстан і Беларусь.

У справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі спрошчаны парадак заснаваньня новага прадпрыемства, створаная адзіная рэгістрацыйная база дадзеных, устаноўленыя тэрміны рэгістрацыі, удвая зьменшаны памер статутнага капіталу новага прадпрыемства. У краіне ўведзеная сыстэма рэгістрацыі маёмасных правоў, рэалізуецца шырокая праграма аптымізацыі адміністратыўных працэдураў. У выніку, для прыкладу ў Менску, тэрмін рэгістрацыі маёмасных правоў скараціўся з больш як двухсот дзён да 21-го дня. Тэрміны атрыманьня дазволу на будоўлю скараціліся на 140 дзён. У выніку ўвядзеньня новага мытнага кодэксу і новых правілаў рэгуляваньня банкаўскай дзейнасьці ў Беларусі скараціліся тэрміны паставак тавараў на экспарт.

Для параўнаньня: галоўны эканамічны партнэр Беларусі – Расея апусьцілася са 111-га на 120-е месца паміж Босьніяй і Нэпалам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?