У Беларусі назіраецца скарачэньне колькасьці самагубстваў. Пра гэта паведаміў на прэс‑канфэрэнцыі, прысьвечанай Сусьветнаму дню папярэджаньня самагубстваў дацэнт кафэдры псыхіятрыі і наркалёгіі Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі (БелМАПА) Яўген Ласы.

Па яго словах, пік суіцыдаў у гісторыі незалежнай Беларусі назіраўся ў 1996 годзе,
калі на 100 тысячаў жыхароў краіны зафіксавалі 35,8 выпадкаў.
У мінулым годзе гэтая колькасьць скарацілася да 27,5 выпадкаў. Для параўнаньня — сярэднеэўрапейскі паказчык складае 17,5 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў, у сярэднім у сьвеце — 16 выпадкаў.
Мужчыны робяць сабе сьмерць прыкладна ў шэсьць разоў часьцей за жанчынаў. Часьцей за ўсё гэта асобы ў працаздольным веку, на другім месцы — пэнсіянэры. Беларусы ў сталым веку найперш накладаюць на сябе рукі з‑за дэпрэсіі і алькагалізму. На першым месцы па колькасьці самагубстваў знаходзіцца Меншчына — 38,2 выпадкі на 100 тысяч жыхароў, найменшая колькасьць выпадкаў зафіксаваная на Гомельшчыне — 28,5.

Праблема самагубстваў ня ёсьць унікальнасьцю Беларусі, сьцьвярджае мэдык. Тэндэнцыя да зьніжэньня іх колькасьці характэрная таксама і для суседніх краінаў.

Матывамі для суіцыдаў сярод дзяцей і падлеткаў часьцей за ўсё зьяўляюцца пратэст супраць дэспатычных бацькоў, заклік да дапамогі, прыцягненьне ўвагі. Паводле галоўнага пазаштатнага дзіцячага псыхіятра Міністэрства аховы здароўя, супрацоўніцы БелМАПА Іны Пятніцкай, сур’ёзным фактарам тут ёсьць і празьмерныя нагрузкі ў школе. Паводле яе інфармацыі ў мінулым годзе было зафіксавана 29 выпадкі самагубстваў — 1,5 на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва. Адной з праблемаў прафіляктыкі парасуіцыдаў (незавершаных спробаў) зьяўляецца нежаданьне амаль паловы пацярпелых зьвяртацца па дапамогу да мэдыкаў, паведаміла галоўны пазаштатны псыхатэрапэўт Міністэрства аховы здароўя Ірына Байкова. Людзі папросту баяцца, або саромеюцца зьвяртацца ў спэцыялізаваныя ўстановы. З улікам гэтага ў гарадзкіх паліклініках і бальніцах былі адчыненыя псыхатэрапэўтычныя кабінэты, што дало заўважны плён, кажа спн. Байкова.

Вырашэньне праблемы суіцыдаў ня ёсьць выключна задачай мэдыкаў і прычыны іх тояцца ня толькі ў стане здароўя такіх асобаў. Такую думку выказаў галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай псыхіятрычнай бальніцы (РКПБ) Ўладзімер Склема. Праблема носіць агульнадзяржаўны характар — і сацыяльны, і эканамічны, і мэдычны. І вырашаць яе таксама трэба ў комплексе, упэўненыя супрацоўнікі БелМАПА. У РКПБ на сёньня маюцца койка‑месцы для тых, хто зьдзейсьніў спробу самагубства. За год праз гэтую ўстанову праходзіць да трох тысячаў чалавек.

Інфармаваньне насельніцтва ёсьць адным з накірункаў працы па папярэджаньні самагубстваў. У кожнай бальніцы створаныя інфармацыйныя стэнды з кантактнай інфармацыяй, у кожнай школе можна зьвярнуцца па своечасовую дапамогу да спэцыялістаў. У ідэале варта стварыць у кожным буйным горадзе цэнтры псыхіятрычнай дапамогі, мяркуе У.Склема. Такія цэнтры пачалі зьяўляцца ў суседняй Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?