Хутчэй за ўсё Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы не будуць цэнтралізавана здымаць сваіх кандыдатаў з выбараў. Праект такога рашэння плануецца вынесці на зацверджанне сябраў Палітрады АДС, якія зьбяруцца ў Мінску 21 верасня.
Прэзідыум Палітрады АДС выказаўся супраць зняцця дэмакратычных кандыдатаў за некалькі дзён да галасавання. Такое рашэнне было прынятае 10 верасня ў Мінску. На думку лідэраў апазіцыі, зняццё кандадатаў не дазволіць выкрыць усе парушэнні Выбарчага заканадаўства на апошнім этапе кампаніі — галасаванні.
Як паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Прэзідыум таксама вырашыў зрабіць максімальна «шчыльнае» назіранне у тых акругах, дзе кандыдаты АДС маюць рэальныя шансы пермагчы. Гаворыць Анатоль Лябедзька:
‑ Па самых сціплых падліках мы можам казаць пра 25 акругаў, дзе кандыдаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл могуць рэальна разлічваць на перамогу, без усялякіх нацяжак. І мы дамовіліся, што кожная структура зробіць такі самааналіз і вызначыць акругі, на якіх яны будуць у першую чаргу канцэнтравацца.
Нагадаем, што ў адзіным спісе АДС зараз застаюцца 78 кандыдатаў у дэпутаты.