Як стваралася «Сьцяна» Быкава? Піша Алег Дзярновіч.

Ідэя выданьня кнігі Васіля Быкава «Сьцяна» ўзьнікла ў 1997 г. — штуршком сталася адмова выдавецтва «Мастацкая літаратура» публікаваць гэты быкаўскі зборнік празаічных твораў папярэдніх гадоў. Народны пісьменьнік Быкаў да таго часу пасьпеў ужо вельмі выразна акрэсьліць сваё стаўленьне да беларускай рэчаіснасьці і наўпрост запытацца ў суайчыньнікаў — калі ж мы перастанем быць дурнямі?

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец надаў акцыі выданьня кнігі статус праекту «Народная Кніга». Першае пасланьне праекту заключалася ў прынцыповай нязгодзе з тым, што беларускае слова можа існаваць толькі за дзяржаўныя датацыі, таму паміж творамі беларускіх аўтараў і чытачамі ня мусяць паўставаць непераадольныя бар’еры чынавенскага свавольства. Другое пасланьне — гэта апэляцыя да кансалідацыйнага эфэкту «Народнае Кнігі». Такім чынам, выдавецтва «Наша Ніва» распачало збор папярэдніх замоваў на кнігу. Той, хто замаўляў кнігу да выхаду ў сьвет, аплачваў толькі сабекошт выданьня і кошт паштовае перасылкі. Праект меў эфэкты — наклад трэба было дадрукоўваць некалькі разоў, каб задаволіць попыт; у грамадзтве ўзьнікла рэальная інфармацыйная цікаўнасьць да прыгожага беларускага слова і да прэцэдэнту «Народнае Кнігі».

Але былі ў гэтай ініцыятыве і нейкія мэтафі¬зычныя для беларусаў знакі. Сама праблема з адмоваў дзяржаўнага выдавецтва хавала ў сабе фармальны парадокс — пад лёзунгамі вонкавай рэсаветызацыі адмаўлялі публікаваць кнігу аўтара, які атрымаў годнасьць народнага пісьменьніка яшчэ за савецкімі часамі. Так, погляды і біяграфія Быкава з пункту гледжаньня бээсэсэраўскага афіцыёзу не былі ідэальнымі. Да Быкава ўвесь час захоўвалася насьцярожанасьць. Але на нейкім этапе савецкія лідэры палічылі за лепшае і выгаднейшае прызнаць маштаб асобы і творцы.

Цяпер жа ў Рэспубліцы Беларусь самы вядомы яе пісьменьнік апынаўся ў ізаляцыі. Адбылася адмова ад вонкавага піетэту і нейкіх правілаў грамадзкай гульні — не прызнаваліся старыя аўтарытэты, фактычна ажыцьцяўлялася адмова ад таго пазытыўнага, што можна было вынесьці з савецкіх часоў. Гэта з уладнага фронту.

Але для ўсяго беларускага грамадзтва напружанасьць падзеі ўзмацняла драматызм сытуацыі перарыўнасьці повязі часоў. На працягу ХІХ—ХХ ст. беларускую літаратуру, палітыку, грамадзкую думку, навуку запачаткоў¬валі і былі яе знакамі пераважна маладыя людзі. Моладзь як бы прыўносіла новую энэргію, але часта заставалася бяз грунту. «Падлеткавы комплекс» — гэта фундамэнтальная праблема беларускае сьвядомасьці і гісторыі. Праект жа «Народная Кніга» заяўляў, што ў нас ёсьць Майстра, ёсьць апірышча, ёсьць повязь!

У творах Быкава абавязкова прысутнічае сьмерць — галоўныя героі мусяць загінуць, падкрэсьліваючы гэтым самым бессэнсоўнасьць любых спробаў што‑небудзь пазытыўна зьмяніць у навакольным сьвеце. Здавалася, што Быкаў як аўтар і танатоляг не пакідае чалавеку шанцаў для пасьпяховай творчай дзейнасьці ці асабістага шчасьця, а нават для атрыманьня простага задавальненьня ад жыцьця. Але гэта не зусім аўтарскія пэсымізм ці фаталізм — Быкаў падводзіць чалавека да краю экзыстэнцыйнай бездані і дае яму магчымасьць крыху зазірнуць туды, адчуць незьнікнёнасьць зла. Прачынаецца нашае разуменьне незваротнасьці і страчаных назаўжды магчымасьцяў. Затое зьнікае наіўнае спадзяваньне на шчасьлівы выпадак.

Экзыстэнцыялістам Быкава зрабіла само жыцьцё. У нас таксама ёсьць магчымасьць судакрануцца з досьведам Быкава і набыць пачуцьцё рэальнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?