Тэлепраект «Пасаг для нявесты», што зусiм хутка стартуе на канале АНТ. Днямi патэнцыйныя нявесты праходзiлi кастынг перад камерамi.

Кастынг у Нацыянальнай школе прыгажосцi доўжыўся тры днi. У першы, праўда, мы спачатку вырашылi, што не туды трапiлi — у холе блукалi зусiм маладзенькiя дзяўчаты, гадоў па 20—25, больш падобныя да ўдзельнiц якога-небудзь мадэльнага конкурсу. «Мы проста падзялiлi кандыдатак на групы, каб i журы было лягчэй працаваць, i нiхто не адчуваў сябе не ў сваёй талерцы, — патлумачылi арганiзатары праекту. — А так сярод удзельнiц ёсць i жанчыны за 40. З Мiнска i вобласцi заявак паступiла, вядома ж, больш за ўсё, але хапае ахвотнiкаў i з iншых рэгiёнаў, вельмi многiя дзяўчаты — з вёсак». Усяго на адрас АНТ, дарэчы, прыйшло каля 3000 заявак ад ахвотнiц уступiць у барацьбу за пасаг. Пасля дэталёвага разгляду да кастынгу было дапушчана толькi 500 кандыдатак, а выбiраць журы трэба было толькi дзесятую частку — 50 чалавек.

У «камеру катаванняў» — пакойчык, дзе знаходзiлася адборачная камiсiя i здымачная група — дзяўчат запускалi па трое. Ахоўнiкi, што прайшлі ўжо загартоўку на «Мiс Беларусь», падбадзёрвалi самых нервовых i вучылi: «Галоўнае — ашаламiць! Так што не губляйцеся i будзьце самi сабой». Дзяўчаты паслухмяна кiвалi, ледзьве што не занатоўваючы парады ў блакнот — i сапраўды разнявольвалiся.

— Чаму вы вырашылi ўзяць удзел у шоу? — дапытваўся ў прэтэндэнтак прадзюсар АНТ Ягор Хрусталёў.

— Сядзела дома, рабiць не было чаго, — бясхiтрасна прызналася Вольга з Барысава, — а тут убачыла па тэлевiзары такую цудоўную рэкламу, i падумала: чаму б не?

Вядомы доктар-псiхатэрапеўт Дзмiтрый Сайкоў, якi таксама прысутнiчаў у камiсii, агарошваў сваёй прафесiйнай цiкавасцю:

— А якiя ў вас стасункi з алкаголем?

— Усё пад кантролем... Хлопцы кантралююць! — рапартавалi нявесты.

Удзельнiцы расказвалi аб сабе — хто ў прозе, а хто i ў вершах. Усе ў прынцыпе ведалi, што будзе дадзена творчае заданне. Але яўна гублялiся, калi арганiзатары прапаноўвалi сiтуацыю: «Вы даведалiся пра здраду каханага, i падыходзiце да дома сапернiцы. На выбар у вас два прадметы — бейсбольная бiта цi бензапiла. Пакажыце, што будзеце рабiць?». А каб дзяўчаты ўяўлялi абставiны больш рэалiстычна, з-за шырмы даставалi сапраўдную бiту i сапраўдную бензапiлу! Дзяўчаты рэагавалi па-рознаму: хтосьцi гаварыў, што не трэба падручных сродкаў, «я яе... голымi рукамi», хтосьцi размахваў бiтай з iмпэтам прафесiйнага бейсбалiста. Але ў вынiку ўсе атрымлiвалi аднолькавую фразу на развiтанне: «Дзякуй, чакайце званка». І толькi пасля таго, як удзельнiцы пакiдалi пакой, камiсiя — дырэктарка Нацыянальнай школы прыгажосцi Вольга Сярожнiкава, акцёр Яўген Нiкiцiн, шэф-рэдактарка «Жаночага часопiса» Юлiя Дарафеева, спявачка Анжалiка Агурбаш, прадзюсарка праекту Анжалiна Мiкульская — пачыналi абмеркаванне: каго варта дапусцiць да «забегу». Справа ў тым, што канчатковы адбор пройдзе ў выглядзе самага сапраўднага забегу: 50 дзяўчат у вясельных сукенках i спартыўнай экiпiроўцы павiнны будуць прабегчы пэўную дыстанцыю. Пераможца забегу трапiць у тэлешоў «Пасаг для нявесты» аўтаматычна, яшчэ шасцярых залiчаць па вынiках кастынгу. (Спярша планавалася, што забег адбудзецца ў Мiнску ўжо ў гэтыя выхадныя, 14 верасня, але ў сувязi з Днём горада спаборнiцтва вырашылi перанесцi на больш познi тэрмiн.)

Сярод кандыдатак, што чакалi сваёй чаргi, мы са здзiўленнем заўважылi хлопца. 20-гадовы Аляксей пацвердзiў, што ён сапраўды прыйшоў на кастынг: «У правiлах не было сказана, што хлопцам нельга запаўняць анкету, галоўнае — каб у наяўнасцi мелася пара, якую звязваюць сур’ёзныя адносiны. Таму мы з маёй дзяўчынай палiчылi, што няважна, хто з нас адправiць заяўку i прыйдзе на кастынг. А калi ўсё ж спытаюцца, чаму прыйшоў менавiта я, патлумачу, што мне надакучыла здымаць iншых (я працую аператарам), цяпер вельмi хочацца, каб знялi мяне». Мы прыперлi Аляксея да сцяны з пытаннем, а што, калi яго дапусцяць да ўдзелу ў шоу — пагодзiцца бегчы ў вясельнай сукенцы? Хлопец задумаўся, але ў рэшце рэшт пагадзiўся: «Трэ будзе — пабягу!».

Таксама вылучалiся з агульнай колькасцi кандыдатак у гераiнi тэлешоу жанчыны з маленькiмi дзецьмi. «Я ў прынцыпе не спадзявалася, што маю заяўку разгледзяць, бо сумленна ўказала, што ў мяне ёсць грамадзянскi муж. Анкету запоўнiла выключна з цiкавасцi, — расказала нам Каця з Брэста, на руках якой утульна ўладкаваўся сын Глеб. — Але справа ў тым, што ў нас не было вяселля, толькi рэгiстрацыя шлюбу. А галоўны прыз праекта — якраз 25 мiльёнаў на арганiзацыю вяселля. Якая ж жанчына ад гэтага адмовiцца?». Мы спрабавалi высветлiць у арганiзатараў, цi ёсць у Кацi шанцы трапiць у лiк 50 бягунняў, але атрымалi толькi няпэўны адказ: «Пабачым...».

Але больш за ўсiх уразiла журналiстаў Элеанора Язерская, якая сцiпла сядзела на канапе ўбаку ад удзельнiц.

— Вы — таксама на кастынг? — не паверылi мы.

— Не, я тут па сваiх справах, прыйшла са сваiм сябрам доктарам Сайковым перагаварыць з прадзюсарамi АНТ. — I ўжо толькi тут даведалася, што iдзе адбор. Удзельнiчаць? Не, што вы! Хоць я i вечная нявеста, гэты праект не для мяне. Але нявесты, гляджу, як на падбор, прыгажунi, так што за генафонд нацыi можна не хвалявацца.

— I як вам iдэя праекта — дзяўчаты змагаюцца за будучае сямейнае шчасце?

— Змагацца, натуральна, трэба — хоць, можа, i не такiм шляхам, як бегаць стометроўкi ў вясельнай сукенцы. Але ўсе праекты, якiя робiць АНТ, атрымлiваюцца вiдовiшчнымi i цiкавымi, так што, думаю, нiчога страшнага ў iдэi спаборнiцтва няма. Краiна будзе глядзець гэты праект. Мы ж жывём у век шоу-бiзнэсу, калi за хвiлiну, спеўшы паўтары песнi, можна праславiцца i лiчыць сябе зоркай. Няхай i ў гэтых дзяўчат будзе такая магчымасць, убачыць сябе на экране. Тым больш, прадугледжаны вельмi добрыя прызы ад АНТ — гэта, безумоўна, падмацуе маладую сям’ю.

Пасля адбору з дзяўчатамi пачне працаваць псiхолаг, прафесiйны харэограф (адзiн з конкурсаў прадугледжвае здымкi вiдэаролiку з танцам нявесты), выкладчыкi па акцёрскiм майстэрстве. Весцi новае шоу будзе Анжалiка Агурбаш у пары з Ягорам Хрусталёвым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?