Сваякі арыштаванага прадпрымальніка адмаўляюцца ад кантактаў зь яго калегамі і прэсай.

Прадпрымальніка Міхаіла Шавельзона, які зьяўляецца ганаровым віцэ-старшынём Беларускага саюзу прадпрымальнікаў, арыштавалі 3 чэрвеня. Пра гэта стала вядома зь літоўскіх СМІ, у прыватнасьці літоўскі партал Delfi паведамляў тады пра арышт у Менску жыхара Вільні Гінтаса Зэгерыса, які займаўся бізнэсам у Беларусі, і ягонага дзелавога партнэра Міхаіла Шавельзона. Пазьней стала вядома, што затрыманыя знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Бізнэсоўцаў нібыта зьвінавацілі ў пасярэдніцтве дачы хабару.

Як распавёў ганаровы старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа, даведацца пра сёньняшні лёс Міхаіла Шавэльзона вельмі ня проста.

«Мы ня маем навінаў пра яго фактычна зь ліпеня, вядома толькі тое, што супраць яго распачатая крымінальная справа, і што знаходзіўся ён, прынамсі ў ліпені, у турме КДБ».

Па словах сп. Патупы, калегі бізнэсоўца ня могуць нават аказаць яму хоць нейкую дапамогу, бо сутыкаюцца з адмовай з боку яго родных. Не вядома нават, хто з адвакатаў яго бароніць. Адзінае, што Саюз прадпрымальнікаў зрабіў для Шавельзона на просьбу ягонай сям’і — склаў на яго характарыстыку для сьледзтва.

Раней сайт «Белорусский партизан» паведамляў пра адмову жонкі прадпрымальніка размаўляць з журналістамі на тэму ягонага арышту, а газэта «Народная воля» пісала пра тое, што справу Шавельзона і Зэгерыса перадалі у суд Фрунзенскага раёну Менску.

М.Шавэльзон зьяўляецца кіраўніком праўленьня каапэратыву «Тэхэнэргасэрвіс». Быў таксама дарадцам старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?