6 верасня 1999 года бясследна зніклі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Вечарам 16 верасня яны былі ў лазні, што ў Мінску па вуліцы Фабрычная, 20. Прыкладна ў 22.35 абодва выйшлі з будынка, селі ў аўтамашыну «Джып‑Чэрокі», што належала Красоўскаму, пасля чаго іх больш не бачылі.

Як паведамляла пракуратура, якая распачала крымінальную справу па факце знікнення В.Ганчара і А.Красоўскага,

пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля імпартнай вытворчасці, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві.

Па ўзятых з месца здарэння аб’ектах праведзены экспертызы. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы сведчаць аб тым, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень верагоднасці высноў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку і паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі насільна выкрадзены невядомымі асобамі.

Беларуская і міжнародная грамадскасць лічыць, што В.Ганчар і А.Красоўскі былі выкрадзены па палітычных матывах, і падазрае ў датычнасці да іх выкрадання вышэйшых службовых асоб Беларусі.

Юрыст Гары Паганяйла паведаміў, што справы аб знікненні Ганчара і Красоўскага не закрыты. «Следства кожны раз працягваецца або генеральным пракурором, або яго намеснікамі. Аднак ніякіх новых фактаў расследаванне не прыводзіць, і фактычна можна казаць аб тым, што следства насамрэч не вядзецца», — зазначыў Г.Паганяйла.

На думку праваабаронцы, гэта адбываецца па дзвюх прычынах: па‑першае, каб паказаць на міжнародным узроўні тое, што расследаванне «гучных знікненняў» усё‑такі праводзіцца, а па‑другое, каб зацягнуць гэтыя расследаванні да заканчэння тэрміну даўніны. «Гэта прафанацыя і бяздзеянне ўлад у пошуках вінаватых», — заявіў Г.Паганяйла.

«Мы ўпэўнены, што да знікнення палітыка і бізнесмена маюць дачыненне людзі, якія займаюць пасады ў вышэйшых эшалонах улады. Аднак усе хадайніцтвы сваякоў аб допыце гэтых асоб адхіляліся пракурорамі, якія наглядаюць за ходам справы, а суды не прымалі да разгляду скаргі на дзеянні пракурораў як непадведамасныя суду. Адпаведна, падазрэнні аб датычнасці да гэтага выкрадання вышэйшых чыноўнікаў толькі ўмацоўваюцца», — сказаў Г.Паганяйла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?