З 14 пакараных судом удзельнікаў студзеньскага мітынгу прадпрымальнікаў пакараньне адбыў толькі Андрэй Кім. Актывіста выпусьцілі з калёніі ў жніўні на падставе адмысловага указу Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ два актывісты, Уладзімер Сяргееў і Антон Койпіш, былі пакараныя штрафам. Уладзімер Сяргееў мусіць заплаціць 3,5 мільёна рублёў. Штраф ён яшчэ не плаціў, бо працягвае аспрэчваць пакараньне. Якраз учора Ўладзімер падаў наглядную скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Ягоную скаргу мусяць разгледзець да 15 кастрычніка. Да гэтага часу актывіст застаецца пад падпіскай пра нявыезд.

Яшчэ 10 чалавек пакараныя судом да абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы закрытага тыпу.

Прадпрымальнік Міхал Субач, як і большасьць, атрымаў 2 гады гэтай, як ён кажа, »хатняй хіміі». Сяргей скардзіцца, што стала вельмі цяжка займацца бізнэсам:

«Насамрэч вельмі напружвае. Х

валюесься, каб не спазьніцца. Міліцыянт папярэдзіў, што адна хвіліна спазьненьня — гэта папярэджаньне, а тры папярэджаньні — калёнія.
І яшчэ я шкадую, што не магу зараз удзельнічаць у грамадзкім жыцьці, бо мушу ў вольны час ад працы знаходзіцца дома».

Аднак ня ўсе з асуджаных на «хатнюю хімію» маюць працу. Дэмакратычны актывіст Алесь Стральцоў паводле адукацыі — мэнэджэр у галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Некалькі месяцаў запар Алесь беспасьпяхова спрабуе ўладкавацца на працу. «Калі бачаць, што ў мяне пакараньне па крымінальным артыкуле, ды яшчэ з палітычным ухілам, кажуць: прабачце, яшчэ з‑за вас у нас будуць непрыемнасьці». Зараз актывісту пагражае прымусовае накіраваньне на працу:

«Як пашлюць працаваць качагарам, значыць, буду качагарам. Было б, канечне, весела, каб мяне зноў накіравалі працаваць на «Гарызонт», дзе я ўжо прымусова адпрацаваў 2 гады пасьля ўнівэрсытэту. Калі так, буду падымаць «Гарызонт».

Міхасю Крываву і Міхасю Пашкевічу таксама трэба рэгулярна адзначацца ў міліцыі, забаронена заходзіць у жыльлё іншых асоб, на вуліцы можна быць ня болей за 2 гадзіны на дзень, нельга ўдзельнічаць у вулічных акцыях.
Але абодва знайшлі працу ва ўправе АГП, і гэта дае магчымасьць не выпадаць з дэмакратычнага працэсу. Міхась кажа, што зьбіраўся разам зь сябрамі адзначыць Дзень беларускай салідарнасьці на плошчы, але вырашыў, што важней будзе застацца на волі:

«28 верасьня будуць парлямэнцкія выбары, і зараз, калі засталося меней за два тыдні, а яшчэ шмат праблем і з агітацыйнымі матэрыяламі, і з працай з выбарцамі, насамрэч больш мужнасьці трэба, каб застацца на волі і дапрацаваць у выбарчай кампаніі. Бо зашмат часу скралі гэтыя размовы наконт байкоту — не байкоту».

Міхась Крываў ў размове адзначыў, што пры кантактах зь міліцыянтамі сустрэў тых, якія яму спачуваюць і выказваюць салідарнасьць з апазыцыянэрамі.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0