16 верасня адвакат Дзмітрый Гарачка мае намер падаць у Вярхоўны суд Беларусі зварот з просьбай аб змяненні меры стрымання амерыканскаму юрысту Эмануілу Зельцэру ў сувязі са смерцю яго маці.

Як адвакат паведаміў БелаПАН, па просьбе свайго кліента ён мае намер дамагацца змянення меры стрымання на «не звязанае з пазбаўленнем волі». Д.Гарачка нагадаў, што 26 верасня Вярхоўны суд разгледзіць яго касацыйную скаргу аб апраўданні Зельцэра ў сувязі з яго невінаватасцю.

У размове з карэспандэнтам БелаПАН брат асуджанага Марк Зельцэр расказаў, што іх маці,

92‑гадовая Берта Зельцэр, памерла 16 верасня.
У чэрвені яна звярнулася да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і заклікала «выратаваць жыццё яе сына», не адмаўляць у жыццёва неабходных леках. «Ніякага адказу на зварот мы не атрымалі», — сказаў М.Зельцэр.

Нагадаем, Эмануіл Зельцэр і яго сакратар грамадзянка Расіі Уладлена Функ былі затрыманыя ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» 12 сакавіка. Працэс па іх крымінальных справах праходзіў з 30 ліпеня па 11 жніўня ў закрытым рэжыме. За выкарыстанне заведама фальшывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Э.Зельцэр быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі, У.Функ — да аднаго.

Амерыканскаму грамадзяніну таксама інкрымінавалася кантрабанда наркатычных сродкаў, але суд апраўдаў яго, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія Э.Зельцэр ужывае апошнія 15 гадоў. Улады ЗША дамагаюцца вызвалення асуджанага па гуманных меркаваннях, паколькі яго здароўе значна пагоршылася ў няволі без лекаў, што прапісаны яго ўрачом. Так, на чацвёрты паверх у памяшканне, дзе праходзіў працэс, Э.Зельцэра канвой заносіў на руках, паколькі ён быў не ў стане самастойна ісці па лесвіцы.

У жніўні пасольства ЗША перадало беларускім уладам усе неабходныя лекі, аднак іх не перадалі Э.Зельцэру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?