Рост пазыцый Беларусі ў штогадовым рэйтынгу прывабнасьці краінаў для вядзеньня бізнэсу адзначыла ў часе прэзэнтацыі справаздачы «Вядзеньне бізнэсу 2009» дырэктарка Дэпартамэнту аналізу і паказчыкаў Сусьветнага банку і Міжнароднай фінансавай карпарацыі Пэнэлёпа Брук.

У 2007‑2008 гг. рэформы ў такіх сфэрах, як рэгістрацыя ўласнасьці, адкрыцьцё новага бізнэсу, атрыманьне дазволу на будаўніцтва, атрыманьне крэдытаў, падаткаабкладаньне, міжнародны гандаль, паводле высноваў Сусьветнага банку, палепшылі ўмовы прадпрымальніцкай дзейнасьці ў Беларусі.

Нагадаем, што сёлета ў сьпісе са 181‑й пазыцый Беларусь заняла 85‑е месца ды апынулася сярод лідэраў у галіне рэформаў.

Нягледзячы на пазытыўную ў цэлым ацэнку экспэртаў СБ і МФК, прадстаўнікі ўраду, што прысутнічалі на прэзэнтацыі, досыць крытычна выказаліся наконт мэтодыкі дасьледаваньняў і адэкватнасьці іх вынікаў датычна беларускіх умоваў.

Найбольш эмацыйна на гэты конт выказаўся начальнік галоўнага ўпраўленьня падатковай палітыкі і прыбыткаў бюджэту Міністэрства фінансаў Аляксандар Казьлякоў.

А. Казьлякоў не разумее 15‑га месца Грузіі ў сёлетнім рэйтынгу, якая, па яго словах, фактычна існуе на субсыдыі ЗША і дэманструе найгоршыя ў СНД паказчыкі ў вобласьці падаткаабкладаньня. Не абышоў увагай Грузію і намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, калі адказваў на пытаньне пра мэтазгоднасьць тых ці іншых рэформаў. «Паводле справаздачы Сусьветнага банку гэтая краіна дэманструе завоблачныя посьпехі, аднак ці адбілася гэта на дабрабыце простых грамадзянаў?

Таму ці варта нам ладзіць рэформы дзеля рэформаў» — задаўся пытаньнем намесьнік міністра.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?