Прэзыдэнт Вэнэсуэлы і сябар Беларусі, Уга Чавэс, не прапускае нагоды ўбрыкнуць Злучаныя Штаты.

Гэтым разам на прыцэле — адзін з найбуйнейых амэрыканскіх інвэстбанкаў «Ліман Бразэрс», чыё банкруцтва выклікала цяжкі эканамічны крызіс у Штатах і па ўсім сьвеце.

Падчас свайго чарговага выступу Чавэс прыгадаў пра дужа пэсымістычныя прагнозы, якія гэтая інвэстыцыйная кампанія рабіла наконт вэнэсуэльскай эканомікі. «Яны адно ўвесь час публікавалі свае негатыўныя справаздачы пра Вэнэсуэлу. Яны забыліся апекавацца самімі сабой і бах! — збанкрутавалі», — так вэнэсуэльскі лідэр растлумачыў прычыны покрыша амэрыканскага банку.

На думку «Ліман Бразэрс», як і шмат якіх іншых адмыслоўцаў у галіне інвэставаньня, Вэнэсуэла празмерна абапіраецца на экспарт нафты, і ня надта ахвочая прыцягваць замежныя інвэстыцыі.

У сваёй прамове Чавэс зрабіў акцэнт якраз на эканамічным росьце Вэнэсуэлы ў апошнія пяць год, акалічнасьць, пра якую ў сваіх справаздачах «Ліман Бразэрз» палічылі за лепшае прамаўчаць. На думку Чавэса « «Ліман Бразэрс» ніколі не заўважаў нашых посьпехаў, і магчыма, гэта і сталася прычынай, што іх уласныя справы не заладзіліся».

Прагнозы кампаніі, які збанкрутавала, абуралі і іншых лідэраў Лацінскае Амэрыкі. Напачатку верасьня прэзыдэнтка Аргентыны, Крыстына Фэрнандэс дэ Кіршнэр, таксама зганіла негатыўныя справаздачы «Ліман Бразэрс» і прапанавала кіраўніцтву банка «лепей дбаць пра свае гросбухі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?