Беларускаму рэжысэру, майстру кінадакумэнталістыкі – Віктару Дашуку 70 гадоў. Ягоныя стужкі ўвайшлі ў скарбонку сусьветнага кіно.

posterЁн нарадзіўся 16 верасьня ў Хойніках. У 1960 годзе ён скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а ў 1967 годзе – кінамайстроўню Леаніда Траўбэрга.

Ужо першыя карціны Дашука («Курган», «Хвіліна маўчаньня») адметныя лірызмам і спавядальнай інтанацыяй. Дакумэнтальны цыкл «Я з вогненнай вёскі» пабудаваны на ўспамінах людзей, якія цудам засталіся ў жывых – і зьяўляецца адным з сама пранізьлівых сьведчаньняў народнай трагедыі. А найлепшая карціна з гэтага цыклу «Жанчына з забітай вёскі» зьнітаваная з наступным шэдэўрам – дакумэнтальным раманам «У вайны не жаночы твор», пастаўленым паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч.

Гераіні карціны – былыя франтавічкі й партызанкі – раскрылі сваю душу, а старая хроніка ў руках рэжысэра пераўтварылася ў мэдытатыўны сон-успамін.

Карціна «Дзевяноста шостая восень» прасякнутая мудрай элегіяй сыходу. У фільме «Разьвітаньне» пра пахаваньне Машэрава плача й прырода. Замежнікі былі агаломшаныя жалобнай карцінай, але ў Беларусі яе чамусьці не любілі паказваць.

Сярод дакумэнтальных экзыстэнцыйна-трагічных кінапартрэтаў, створаных Дашуком – партрэт Янкі Купалы («А зязюля кукавала») і Васіля Быкава («Васіль Быкаў. Узыходжаньне»).

На пачатку 90-ых гадоў Віктар Дашук стварыў студыю «Spadar-D», вёў кінамайстроўню ў Акадэміі мастацтваў. Сярод ягоных вучняў - Галіна Адамовіч, Віктар Асьлюк і - на жаль - Юры Азаронак.

У 1987 годзе ён паставіў ігравую стужку – мэлядраму «Двое на высьпе сьлёзаў» са складанымі маральнымі калізіямі, а дакумэнтальны фільм 1989 году «Віцебская справа» пра маньяка-забойцу вынес прысуд савецкай судовай сыстэме.

Прынцыповая пазыцыя мастака, які не хавае сваіх поглядаў, прыйшлася не даспадобы лукашэнкаўскае ўладзе. На «Беларусьфільме» мастаку сусьветнага ўзроўню – не знайшлося месца.

Карціны «Ноч доўгіх нажоў» 1998 году і «Рэпартаж з клеткі для трусоў» 2000 году – пра аўтарытарны беларускі рэжым дэманстраваліся на Нью-Ёрскім фэсьце «Адважная новая Эўропа». Гэтыя стужкі нельга ўбачыць па беларускіх каналах, роўна як нельга ўбачыць і іншыя карціны Дашука.

Тым ня менш майстар працягвае ставіць фільмы. У 2003 годзе створаны дакумэнтальны фільм «Дэкамэрон па-беларуску», у 2004 – «Magnum misteria», у 2005 – «Жаўнер Васіль Быкаў».

Зычым беларускаму майстру яшчэ доўгіх гадоў жыцьця і новых карцінаў!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?