Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд‑Дэвіс лічыць, што беларускай апазіцыі не варта байкатаваць парламенцкія выбары. Такую думку ён выказаў 17 верасня на сустрэчы з журналістамі ў Мінску.

Дыпламат зазначыў, што кіраўніцтва Беларусі неаднаразова заяўляла аб сваіх намерах правесці выбарчую кампанію адкрыта і сумленна.

«Калі афіцыйныя асобы не раз заяўлялі, што ёсць намеры правесці выбары сумленна, то апазіцыі варта ўзяць удзел у іх.
Хаця б для таго, каб праверыць гэтыя намеры і заявы», — сказаў Н.Гулд‑Дэвіс.

«Калі выбары пройдуць дастойна, то ёсць магчымасць прарыву ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам», — заявіў пасол Вялікабрытаніі. «Гэта значыць, што выбары павінны прайсці сумленна і адкрыта, павінен быць забяспечаны дакладны падлік галасоў», — сказаў дыпламат.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што для Еўрасаюза і міжнародных назіральнікаў «важны сам працэс, а не вынік».

«Калі будзе сумленны і адкрыты выбарчы працэс, то Беларусь можа спадзявацца на станоўчую ацэнку выбараў, — сказаў дыпламат. — Асабіста я веру заявам прэзідэнта аб тым, што выбары пройдуць адкрыта і дэмакратычна. Спадзяюся, што ўсе адказныя за гэта людзі гэтаксама да гэтага ставяцца».

Разам з тым,

як падкрэсліў Найджэл Гулд‑Дэвіс, пэўная занепакоенасць наконт справядлівсці выбараў існуе.
«У мінулым назіральнікі знаходзілі недахопы ў правядзенні датэрміновага галасавання і падліку галасоў у дзень выбараў, — зазначыў ён. — Для паляпшэння выбарчага працэсу неаходна забяспечыць належнае і эфектыўнае прадстаўніцтва поўнага спектра прадстаўнікоў усіх палітычных партый у выбарчых камісіях».

Дыпламат выказаў спадзяванне, што склад выбарчых камісій будзе перагледжаны з тым, каб уключыць у іх «дастатковую колькасць» прадстаўнікоў апазіцыі. Ён таксама падкрэсліў, што было б памылковым лічыць, што «штучнае фарміраванне парламента пры ўключэнні ў яго некаторых апазіцыйных фігур было б дастатковым для прызнання выбараў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?