Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс выступіла з новай жорсткай крытыкай расейскага ўварваньня ў Грузію.
Яна сказала, што сваімі дзеяньнямі Расея сама загнала сябе ў кут і паабяцала працягваць падтрымліваць расейскіх дэмакратаў.
Райс высьмеяла прызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Расеяй, сказаўшы што прыкладу Расеі пасьледавалі толькі Нікарагуа і палестынская ваенізаваная групоўка ХАМАС.
«Тое, што Расею паляпалі па плячы Даніэль Артэга і ХАМАС, цяжка назваць дыпляматычным трыюмфам», — сказала Райс.
Таксама яна паіранізавала зь візіту расейскіх бамбардзіроўшчыкаў у Вэнэсуэлу, пазваўшы іх старэючымі самалётамі, што наведалі адну зь нямногіх аўтакратый у Лацінскай Амэрыцы.
Райс сказала, што ЗША працягнуць падтрымліваць расейскіх студэнтаў і выкладчыкаў, судзьдзяў і журналістаў, прафсаюзных лідэраў і дэмакратычных рэфарматараў, якія жадаюць наведаць ЗША.
«Мы працягнем падтрымліваць усіх расейцаў, якія жадаюць для сваёй краіны свабоднай будучыні», — падкрэсьліла яна.
Разам з тым яна сказала, што рэпутацыя Расеі ў сьвеце горш, чым калі б тое ні было ад 1991 г.
«І цана гэтае створанае самой Расеяй ізаляцыі высокая».
Апошнім часам амэрыканскія дыпляматы адзначалі, што катастрафічны абвал на расейскіх фондавых рынках — гэта адно з наступстваў ізаляцыі Расеі.