Першая ў свеце ліцэнзія на кланаванне чалавека выдадзена кампаніі Sydney IVF, якая мае спецыялізацыю ў галіне экстракарпаральнага апладатварэння (ЭКА).

У ліцэнзійным дазволе за мэту кланавання ўказанае атрыманне эмбрыянальных стволавых клетак. Дзеля гэтага кампанія Sydney IVF атрымае доступ да 7200 яйкаклетак. Гэта будзе першай спробай атрымання стволавых тканінаў у такі спосаб. Раней навукоўцы дзеля такіх мэтаў карысталі іншыя клеткі, у прыватнасці, скураныя.

Супрацоўнікі Sydney IVF маюць выкарыстоўваць метад саматычнага пераносу ядра клеткі (SCNT), які выкарыстоўваўся ў 1996 г. цягам кланавання авечкі Долі. Сэнс метаду - замена ядравіны клеткі донара ядром, якое ўтрымлівае інфармацыю ДНК рэцыпіента.

Нацыянальная Рада па ахове здароўя Аўстраліі мае намер ажыццяўляць "шчыльны кантроль" за дзейнасцю па кланаванні эмбрыёнаў. Старшыня Рады Джон Фэндлі падкрэсліў, што навукоўцы атрымалі права выключна на работу з эмбрыёнамі. І што ім катэгарычна забаронена пераходзіць на іншую стадыю, а менавіта ўводзіць атрыманыя эмбрыёны ў матку.

Агульная забарона на кланаванне была знята ў Аўстраліі амаль 2 гады таму - у снежні 2006 г. Дзеля гэтага спатрэбілася праводзіць адмысловае галасаванне ў парламенце. Аднак, адпаведна дзеючаму заканадаўству, выкарыстанне эмбрыёнаў, а таксама стварэнне ў ходзе даследаванняў іншых эмбрыёнаў моцна абмежавана. Кланаванне чалавека ў рэпрадуктыўных мэтах пакуль наагул забаронена.

Экстракарпаральнае апладатварэнне (ЭКА) - адзін з метадаў лекавання бясплоддзя. Заключаецца ў пошуку й выняцці з арганізмаў маці й бацькі здаровых і сумяшчальных яйкаклеткі й сперматазоіда. Пасля ў адмысловых прыладах у адмысловым боксе атрымліваецца сам працэс апладатварэння. Першы тыдзень зародыш развіваецца ў адмысловой пажыўнай рошчыне ў інкубатары і толькі пасля перасаджваецца ў цела маці альбо сурагатнай маці. У Беларусі на сёння дзейнічаюць два цэнтры, якія праводзяць ЭКА. Абодва недзяржаўныя. Спробы Міністэрства аховы здароўя заснаваць свой цэнтр пакуль церпяць няўдачу. Гэта звязана з адсутнасцю адпаведных кадраў (лекары недзяржаўных цэнтраў, натуральна, не гараць жаданнем ісці працаваць на стаўку звычайнага лекара бальніцы)

Стволавыя клеткі маюць унікальную здольнасць цалкам трансфармавацца ў клеткі любых іншых тыпаў і фактычна з'яўляюцца зыходнымі клеткамі пры фармаванні любой чалавечай тканіны ці органа. Навукоўцы сцвярджаюць, што выкарыстанне стволавых клетак можа быць вельмі карысным у працэсе трансплантацыі чалавечых органаў і наагул замене іх.

Кажуць пра перспектыву гадавання й перашчэпу новых здаровых органаў са стволавых клетак самога пацыента (у такім разе знікае патрэба ў донарах і знікае праблема адчужэння органаў) альбо увод стволавых клетак у хворы орган і фактычнае вырошчванне здаровай часткі "ў самім пацыенце". У бліжэйшай пэрспэктыве кажуць пра мажлівасць выкарыстання стволавых клетак для лячэння дыябету, хваробы Альцгеймера, паралюшаў, траўмаў хрыбетнай тканіны і шпіку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?