Маладыя патрыёты Воршы.

Маладыя патрыёты Воршы.

Каралева Дажынак.

Каралева Дажынак.

На сцэне — «Катарсіс».

На сцэне — «Катарсіс».

Са сьвятам!

Са сьвятам!

Бай-трэш. Фантазія ў афармленьні падворкаў ня мае межаў.

Бай-трэш. Фантазія ў афармленьні падворкаў ня мае межаў.

Ураджай сёлета выдаўся казачны.

Ураджай сёлета выдаўся казачны.

Адзін з пераможцаў у змаганьні з парай.

Адзін з пераможцаў у змаганьні з парай.

За сьпіной у Ільіча.

За сьпіной у Ільіча.

Полечка-трасуха.

Полечка-трасуха.

Каля прылаўка Ўладзімера Пузыні людна.

Каля прылаўка Ўладзімера Пузыні людна.

Беларусы не адзіныя сярод народаў, што адзначаюць сьвята ўраджаю, аддаючы належнае людзям нялёгкай сялянскай працы. Аднак, хоць мы ўсё часьцей змагаемся з ураджаем з дапамогай іхных «джон дзіраў» і «лексіёнаў» зь «бізонамі», свае дажынкі мы па-ранейшаму адзначаем па-пацёмкінску — з агульнадзяржаўным размахам ды традыцыйным прыхарошваньнем чарговай сталіцы ўраджаю.

Брама гораду

Чыгуначны вакзал у Воршы прыемна дзівіць зручнасьцю і функцыянальнасьцю. Вакзальная кавярня ўяўляе сабой арыгінальнае спалучэньне традыцыяў і сучаснасьці: над стойкай з мэталаплястыку і столікамі з крэсламі на танюткіх мэталічных ножках чырванее назва ўстановы — «Карчма пры дарозе». Над такімі рэчамі можна паразважаць за гарачай бульбачкай з кілбаскамі.

Кіруюся ў цэнтар, бо разьлічваю пабачыць выступ самі ведаеце каго. І тут жа чую, як разьвітваюцца два пэнсіянэры: «Ну, пабег я Лукашэнку сустракаць!»
Сьмяюцца. Іду ў тым жа кірунку па вуліцы Молакава. Ісьці даводзіцца па растоўчаных ходніках абапал трохпавярховікаў, сьвежапафарбаваных у колеры абрыкосаў, падмарожаных апэльсінаў і недасьпелай алычы. Побач вуркочуць шчасьлівыя ад нечаканай спажывы галубы — газоны не пасьпелі зазелянець і насеньне ляжыць неабароненае наверсе. Далей трапляю на вуліцу Міру. Яе да сьвята відавочна рыхтавалі раней. Пад нагамі шырэюць увабраныя ва ўсебеларускую шэрую плітку ходнікі. З аконных рамаў пасьпелі змыць фарбу, і газоны тут, відаць па ўсім, пасеялі раней. Да прыдарожнай ліпы прытуліўся забыты кімсьці шуфель. Міліцыянты каля дарогі трапляюцца ўсё часьцей, а адзін зь іх нават гайдаецца ў маторцы на хвалях Аршыцы. Па вуліцы ў адным кірунку сьцякаюцца ручайкі сем’яў і кампаніяў. З палёгкай разумею, што не памыліўся з маршрутам.

Місія невыканальная

Нарэшце заўважаю наперадзе прыкметы сьвяткаваньня. Адтуль даносіцца музыка, у паветры вісяць некалькі гіганцкіх балёнікаў. Пераходжу вуліцу і спыняюся перад турнікетамі. Рэха ліпеньскага выбуху непазнавальна зьмяніла фармат усенародных сьвяткаваньняў. Чарга, да якой я далучаюся, выцягвае галовы і насьцярожана чакае фэйс-кантролю. Паказваю зьмесьціва заплечніка, чакаю вынікаў сьлізганьня мэталашукальніка ўсьцяж цела і шыбую да галоўнай сцэны. Тут чарга каля турнікетаў значна даўжэйшая і людзі ў ёй стаяць, не ў прыклад асноўнай масе, строга апранутыя. Прызнаюся, гэтым разам я адмыслова прыехаў на друг дзень «Дажынак», каб на свае вочы пабачыць выступ Лукашэнкі, і тут пачаў адчуваць выразную трывогу за посьпех мерапрыемства.

Так і ёсьць — уваход толькі па запрашальніках. «Я ж табе казаў, што сюды толькі калхозьнікаў пускаюць» — кажа дзядзька разгубленай кабеце. Тая яго папраўляе: «Не калхозьнікаў, а пабядзіцеляў».
На VIP-стаянцы спыняецца бялюткі BMW, зь якога выходзіць Філарэт. Каля чаргі, у якую мне не давялося стаць, зьяўляюцца кіраўнікі дзяржаўных тэлеканалаў. Спыняюцца, нядоўга разважаюць і... займаюць месца.

Перажыўшы фіяска з галоўнай стравай мэню, вырашаю перайсьці да дэсэрту — наперадзе падворкі, канцэртныя пляцоўкі і горад майстроў. Ныраю ў натоўп.

Пяцікілямэтровы фэстываль

Сёлетні размах «Дажынак» немагчыма не заўважыць — агульная працягласьць вуліцаў, на якіх разьмясціліся гандлёвыя і забаўляльныя аб’екты, сягае за пяць кілямэтраў. Уласьнікі падворкаў з розных куткоў Беларусі з кожным годам кшталтуюць майстэрства афармленьня сваіх пляцовак. выходзіць гэта ў кожнага па-рознаму, але сярод кічу і прымітыву трапляюцца сапраўдныя пэрліны, як, напрыклад, віцебскі падворак. Зразумела ж, паўсюль прысутнічае сымболіка ўраджаю — снапы збожжа і лёну, кошыкі з гароднінай, гарбузы. Госьці фэстывалю ахвотна фатаграфуюцца побач з надзьмутымі ў рост чалавека рыбінамі, гіпсавымі і гумовымі парсюкамі, а таксама каля гіганцкага яйка, што прэзэнтуе мясцовую птушкафабрыку.

Над галавой чуецца гук верталёта. «Бацька ляціць!» — усьміхаюцца людзі. Два захмялелыя дзецюкі шчэраць моцныя зубы: «Коля, ты ж там недзе служыў. Ці можна «вяртушку» з гранатамёту зьбіць?».
Падыходжу да атракцыёна, што прапануе кожнаму вымераць, наколькі прырода надзяліла яго сілай. У залежнасьці ад таго, як моцна ўдарыш кувадлай па мэталічным пні, хітры апарат называе цябе «чайнікам» або «дзецюком», а як пастарацца, то й «монстрам», ці ўвогуле — «кінг-конгам». «Вася, а ты ня хочаш ё...ць? Паглядзім, хто ты — монстар ці кінг-конг» — сьмяецца загарэлы мужык. Вася змрочна адмаўляецца: «Няма здароўя пасьля ўчарашняга». Рухаюся далей. Прарэзьлівым сыгналам разразае натоўп дзіцячы цягнік. І малеча, і іхнія бацькі ў непадробным захапленьні. Для дзяцей тут ёсьць яшчэ шмат забавак — ад пракату дзіцячых аўто, да гамакоў і горак.

Спыняюся каля павільёну менскіх лазьняў. Тут ладзіцца конкурс на самага трывалага аматара гарачай пары. Паўдзясятка добраахвотнікаў прайшлі мэдычны кантроль і зьніклі за дзьвярыма парылкі. Судзьдзі прыляпіліся да вокнаў, зазывала камэнтуе ў мікрафон: «Прайшло дзьве хвіліны і ім яшчэ падабаецца. Але хутка на камяні плескануць вады... Гарэлку і шашлыкі вы ўбачыце кожны дзень, а нашую пару і прызы для пераможцаў — толькі тут і цяпер». Штопраўда, п’яных амаль не відно. Міліцыянты выпраўляюць ненадзейных у адзін канец за турнікеты.

Мажорысты катарсіс

У Горадзе майстроў мяне засьпявае вітальнае слова Лукашэнкі. Ягоны голас даносіцца з рэпрадуктараў, што вісяць тут ці не на кожным слупе. Шмат хто застыў на месцы, слухаючы словы пра заслугі хлебаробаў, пра новую і сучасную Воршу, што стала такой дзякуючы «Дажынкам». Затым прамову перакрыў запіс расейскай поп-зоркі з бліжэйшай пляцоўкі.

Толькі што скончыўся выступ фальклорнага калектыву «Катарсіс», што належыць да спартова-аздараўленчага цэнтру «Мажор».
Потым на сцэну выйдзе не адзін творчы калектыў, а вядучыя раскажуць усім ахвочым пра тое, што беларускі гаспадар «і рахманы, і памяркоўны, і працавіты, і кемлівы». Будзе й абавязковае навязлае ў зубах «падзякуем нашых выступоўцаў». Сытуацыю ратуюць маленькія калектывы на маленькіх жа пляцовачках, што знай сабе сьпяваюць без дапамогі безгустоўных вядучых, ды зьбіраюць ля сябе ўдзячную публіку. Прыемным адкрыцьцём робяцца маладыя людзі ў скураных куртках, што зухавата танчаць польку пад гармонік.

Наша краіна — Беларусь

У Горадзе майстроў трапляю на музычную выставу музыкі зь Менску Ўладзімера Пузыні. Той дзеліцца сваімі назіраньнямі: людзі ахвотна набываюць беларускі прадукт — ад музыкі ВКЛ, да сучасных выканаўцаў. Дзівяцца пры выглядзе беларускамоўнага Шрэка на DVD.

«Рана нашаму ўнуку казкі на мове даваць, дайце нам сказкі» — кажа бабуля.

Сп. Уладзімер парыруе — а дзе мы з вамі жывём?

«Правільна!» — дзед нечакана прымае бок гандляра і прымушае капітуляваць старую. На імправізаваным прылаўку дыскі беларускіх выканаўцаў суседнічаюць з запісамі расейцаў. Гаспадар тлумачыць гэта камэрцыйнай мэтазгоднасьцю. На свае вочы бачу, як

ладная частка пакупнікоў, пашукаўшы нешта сярод Антонавых, набывае ўрэшце штось зь беларускага.

Рэшту дня псуе дождж — спачатку дробны, але з кожнай хвілінай ён робіцца ўсё больш настойлівым. Людзі на сьвяточных вуліцах хаваюцца ў шашлычны дым намётаў, у крамы, што карыстаюцца момантам і працуюць у выходны дзень. Але шмат каго капрызы надвор’я не палохаюць і каля канцэртных пляцовак, дзе маюць адбыцца заключныя канцэрты, зьбіраюцца купкі людзей. Я ж зьбіраюся ў зваротны шлях — сп. Пузыня гасьцінна прапанаваў мне месца ў сваім аўтобусіку. Заяжджаем зірнуць адным вокам на Дняпро і кіруемся ў Менск.

Калькулятар

А цяпер на хвілінку зазірнем у наш агульны гаманец-бюджэт. Чаго каштавалі Дажынкі — гіганцкая піяр-акцыя адной палітычнае групоўкі напярэдадні выбараў, фінансаваная зь дзяржбюджэту?

На працы па добраўпарадкаваньні Воршы было выдаткавана 319,4 млрд рублёў (каля 100 млн эўра, для параўнаньня – у мінулым годзе ў Рэчыцы было выдаткавана 100 млн даляраў).
. І гэта пры тым, што людзі працавалі за паўзаробку, а матэрыялы пастаўляліся па выгадных цэнах. Сюды з усёй Беларусі сьцягнулі амаль 4,5 тысячы чалавек. Да сьвята былі упарадкаваныя больш за 700 аб’ектаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?