Чарговая навіна Вulletin Online зноў растрывожыць дапытлівых беларусаў. Напэўна, сярод іх знойдуцца ахвотныя дапамагчы эколягам ды выратавальнікам. Таму паведамляем: ля Мар’інай Горкі, што ў Пухавіцкім раёне, ужо дзясяткі людзей бачылі мядзьведзя‑бадзяжніка.

З гутаркі зь дзяжурным Пухавіцкага раённай інспэкцыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Валянцінам Цішковым:

— Да нас патэлефанавалі зь вёскі Ніўкі Дрычынскага сельсавету.

Мясцовая жыхарка паведаміла, што на вуліцы бачыла мядзьведзя. Са словаў заяўніцы, зьвер ня кінуўся наўцёкі нават калі на яго крычалі.
Наадварот, ён зь цікаўнасьцю назіраў за вяскоўцамі і нават зжаваў батон, які людзі яму падкінулі.

Дзяжурны службы МНС кажа, што ён паведаміў свайму начальству, атрымаў загад зьвязацца з кіраўніцтвам райвыканкаму. У сваю чаргу чыноўнікі адаслалі ў інспэкцыю аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя. Урэшце, на выклік выехаў начальнік гэтай службы Андрэй Шахэміраў. Вось што ён паведаміў:

— Мы выявілі сьляды невялікага мядзьведзя. Той, хто яго бачыў, таксама сьведчаць пра маладзенькага зьвера. Пэўна, ён яшчэ не разумее, што чалавек можа быць ворагам.

Не ўцякае апантана і асабіста не выяўляе агрэсіі.
Аднак, мядзьведзь ў вёсцы Ніўкі доўга не затрымаўся. Зьнік у найбліжэйшым ляску. А ў мінулую пятніцу яго ўжо бачылі ля возера Міхайлаўскае.

На меркаваньне Андрэя Шахэмірава, малады мядзьведзь згубіў сваю маці, бо звычайна яны трымаюцца разам да 3‑4 гадоў узросту малога. Бацька‑мядзьведзь сям’ёй не займаецца.

Эколяг Шахэміраў гаворыць, што распрацаваная інструкцыя райвыканкаму, якая рэглямэнтуе паводзіны розных службоўцаў у выпадку зьяўленьня на мясцовай тэрыторыі небясьпечнага зьвера.

— Калі мядзьведзь будзе пагражаць людзям, то яго давядзецца ізаляваць. Усыпіць снатворным і вывезьці. Пры неабходнасьці гэта зробіць экалягічная інспэкцыя пры прэзыдэнце Беларусі. Яе найбліжэйшае падразьдзяленьне месьціцца ў Асіповічах і ўжо ведае пра ляснога бадзяжніка. Мы таксама папярэдзілі ўладальнікаў пчальнікоў. Раім ім выкарыстоўваць сродкі для адпужваньня мядзьведзя.

Начальнік інспэкцыі Шахэміраў просіць сваіх землякоў не панікаваць. Ён кажа, што сёлета ў лесе шмат грыбоў, дзічак, ажыны. Мядзьведзь забясьпечаны кормам і ў яго няма падставаў выяўляць сваю агрэсію.

Тым часам у Мар’інай Горцы, Пухавічах і раёне множацца чуткі.

Людзі асьцерагаюцца хадзіць у лес за грыбамі, папярэджваюць дзяцей, каб не затрымліваліся пасьля школы на вуліцы.
На вясковых дарогах значна зьменшылася колькасьць людзей на роварах.

Цікава, што дасьледуючы сытуацыю, я выявіла яшчэ двух мядзьведзяў, якія стала жывуць у Пухавіцкім раёне. Гэта так званая пэнсіянэрка маскоўскага цырку мядзьведзіца Насьця. Даглядае яе ў вёсцы Сяргеевічы фэрмэр Пятро Махораў. Таксама з Масквы ён прывёз і Грышу — маладога мядзьведзя.

Дарэчы, працягласьць жыцьця мядзьведзя — 20‑30 гадоў, у няволі — да 47‑50 гадоў. Падлічана, што ў Эўропе на сёньня захавалася прыкладна 14 тысяч асобінаў. У Беларусі павялічваецца колькасьць мядзьведзяў на чарнобыльскіх тэрыторыях, а таксама ў Віцебскай вобласьці.

Галіна Баравая, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0