Дзьве падобныя да зямлі плянэты ля зоркі зь безаблічнай назвай BD+20 307 тысячу ці некалькі тысяч гадоў таму — што зусім нядаўна па касьмічных мерках — узялі ды сутыкнуліся міжсобку.

Навукоўцы не надавалі гэтаму асаблівай увагі, пакуль ня высьветлілі, што сама зорка і ейная плянэтарная сыстэма маюць даволі сталы для такіх гарэзаў век. Прыблізна такі самы, як у нашай Сонечнай сыстэмы.

NASA/JPL-Caltech/T. Pyle SSC/Caltech

NASA/JPL-Caltech/T. Pyle SSC/Caltech

Гісторыя пачалася ў 2005 годзе, калі навукоўцы ўпершыню занатавалі, што ля далёкай зоркі не далі рады разьмінуцца дзьве падобныя да Зямлі плянэты. Занатавалі й увагі не надалі, маўляў, нічога ў гэтым незвычайнага — даўно вядома, што ў маладых сыстэмах такое здараецца.

Тры гады спатрэбілася дасьледчыкам, каб сабраць новыя зьвесткі й даць ім веры. Гэта было няпроста: аналіз паказаў, што сыстэма тая зусім не маладая, некалькі мільярдаў гадоў векам. Гэта недзе столькі сама, як нашай Сонечнай сыстэме. А плянэты там сутыкнуліся зусім нядаўна.

«Гэта як калі б Зямля й Вэнэра ўрэзаліся адна ў адну», — не хавае паралеляў прафэсар Бэнджамін Цукерман (Benjamin Zuckerman), адзін з аўтараў сэнсацыі. — Астраномы ніколі ня бачылі нічога падобнага. Відаць, буйныя катастрафічныя сутыкненьні могуць здарацца ў цалкам сьпелых плянэтарных сыстэмах».

У часы маладосьці й нашай Сонечнай сыстэмы зьмены арбітаў былі не такімі рэдкімі. Даходзіла й да сутыкненьня плянэт. Паводле адной з вэрсій, Месяц — гэта аскепак плянэты Тэі, якая ляцела куды хацела й зачапіла Зямлю. Кратэры на Месяцы, якія нечакана для навукі аказаліся равесьнікамі, таксама зьвязваюць з арбітальным канфліктам маладых асілкаў Сатурна і Юпітэра. Мяркуецца, што ад гэтага касьмічнае сьмецьце, зьбіранае моцнай гравітацыяй Юпітэра, прасыпалася й учыніла бамбардзіроўку Зямлі ды ейнага спадарожніка. Але дагэтуль лічылася, што ўжо ж у нашай сыстэме цяпер ўсё стабільна і спакойна.

Ад жа новае адкрыцьцё прымусіла навукоўцаў пераправерыць тое, што здавалася аксіёмай — устойлівасьць арбіт плянэт-суседзяў. І выявілася, што існуе хай мізэрная, але верагоднасьць сутыкненьня Мэркурыя зь Зямлёй ці Вэнэрай у наступны мільярд гадоў. Карцінка, падгледжаная ў тэлексоп, можа стаць змрочным сцэнаром будучыні.

Паводле membrana.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?