25‑га верасьня Зянон Пазьняк паслаў адкрыты ліст у Парляманцкую Асамблею АБСЭ і ў Парляманцкую Асамблею Рады Эўропы.

Паважаныя спадарыні і спадары.

Станоўча ацэньваючы зацікаўленасьць Рады Эўропы і АБСЭ у назіраньні за ходам парляманцкіх выбараў у Беларусі, прасіў бы Вас спыніць ціск на ўдзельнікаў выбарчага працэсу з мэтай прымушэньня іх да ўдзелу ў выбарах і ў фальшывым галасаваньні.

Цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі адбываецца ў крайне недэмакратычных умовах, што пацьвярджаецца шматлікімі фактамі, вядомымі прадстаўнікам АБСЭ і ПАРЭ. Такія выбары заранёў ня могуць быць прызнаныя дэмакратычнай супольнасьцю за нармальныя.

Тым часам дэмагогіі і шантажу ўзурпатара прэзыдэнцкай улады ў Беларусі А. Лукашэнкі няма межаў. Цытата А. Лукашэнкі з інтэрв’ю для «Франкфуртэр Альгэмайнэ Цайтунг» і «Файнэншэнл Таймс»: «В последние дни чиновники в Брюсселе подают нам постоянно сигналы о том, что после парламентских выборов они готовы нормализовать с нами отношения… Посмотрим, как поведет себя Европа после выборов. Если вы уже эти выборы в Белоруси не признаете, то тогда, видимо, нам и не стоит тратить время на убеждения вас и Европы в том, что Беларусь — это центр Европы и очень нужное государство для России.»

Зьвяртаю Вашу ўвагу, што гандаль беларускімі інтарэсамі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, які ў празрыстай форме прапануе спадар А. Лукашэнка, быў бы абсалютна недапушчальны для дэмакратычнай палітыкі.

Маю спадзяваньне, што закамуфляваныя «сигналы чиновников в Брюсселе» менскаму дыктатару аб прызнаньні недэмакратычных выбараў у Беларусі за дэмакратычныя будуць спыненыя.

Недэмакратычныя выбары і зьдзек над здаровым сэнсам ня могуць прызнавацца за нармальнасьць. Выбраны парлямант у такіх умовах ня можа лічыцца легітымным.

З павагай Зянон Пазьняк

Старшыня Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0