Даніла Жукоўскі пра раман Алеся Наварыча «Літоўскі воўк»: гэта апокрыф зьнявераных.

Праз глухія мясьціны Палесься нясьпешна праточваецца рэвалюцыйная хваля 1863 году: патаемныя перавозкі зброі, наіўна-ўзьнёслыя маладзёны, натхнёныя павевамі сталічнага студэнцкага вальнадумства, сакрэтныя паўстанцкія цыркуляры, гвалтоўныя дзеяньні супраць улады, наплыў войскаў, паразы, перасьлед... Даўно, вельмі даўно, у рамантычным ХІХ стагодзьдзі, нашы высакародныя і вальналюбныя продкі чарговым разам кінулі выклік прыгнятальніку. Іх не спыняла, што магутная імпэрыя набірае сілу, не бянтэжыла, што трыццаць гадоў таму спроба вызваліцца скончылася паразаю і рэпрэсіямі. Яны натхняліся ідэямі свабоды, роўнасьці, братэрства...

Ня так гэта было, дарагі чытач. А нават калі і так, ці ў гэтым клопат?

Што натхняе чалавека варушыць пісьменьніцкім пяром попел мінулых стагодзьдзяў? Мэта раманіста — заглыбіцца ў гісторыю, уваскрасіць на кніжных старонках пару паўстаньня, паказаць чытачу людзей далёкай, але важнай для нацыянальнай сьвядомасьці эпохі зь іхнімі звычаямі, клопатамі, каштоўнасьцямі, забабонамі. Але пісьменьніка хвалюе ня толькі далёкая гісторыя, але й часы нядаўнія, аўтар ня толькі імкнецца наблізіць да нас падзеі амаль стапяцідзесяцігадовай даўніны, колькі выказацца на тэмы, што не даюць спакою грамадзтву Беларусі апошнія дзесяцігодзьдзі. Выказацца ня просталінейна-публіцыстычна, а ўзважана. Але недвухсэнсоўна.

Спрэчка з Караткевічам

І Наварыч выказваецца. Наварыч ня толькі палемізуе з рамантычным асьвятленьнем паўстаньня, з Караткевічам і Якімовічам. Наварыч ня толькі кіруе зь нябёсаў патрыятычнай гіпэрпатэтыкі на грэшную зямлю будзённасьці, але ставіць пад сумнеў саму мэтазгоднасьць усхваленьня «інсурэкцыі». Пад ягоным скептычным агнём ня ўзьнёсласьць паўстанцкага міту, а само паўстаньне, і мо нат не асобна 1863—1864 гадоў, а Паўстаньне ўвогуле.

Выбарам месца дзеяньня ён зьвяртаецца да людзей, захопленых паўстанцкай рамантыкай: калі мы ў гэтым воўчым куце ўбачым, шаноўныя, што паўстаньне на карысьць людзям, тады ўсім сумневам будзе пакладзены канчатковы і незваротны крэс; тады і я вам паверу, і іншых — пераканаю. Мэтазгоднасьць гвалтоўнага эксцэсу супроць магутнай улады выпрабоўваецца ў самы радыкальны спосаб, але ж не без захаваньня выгляду аб’ектыўнасьці: дадатныя з усіх бакоў героі, нядурні, незлачынцы ідуць і змагаюцца. Глядзіце, думайце...

Анты-«Рабунька»

Сёньня раманам можна назваць што заўгодна — і тэарэтычна падмацаваць выбар. На тым самым грунце кожны выбар можна аспрэчыць. Пазначэньне «Літоўскага ваўка» раманам падаецца недакладным з прычыны ці не абсалютнай статычнасьці характараў. Нават выключныя ўзрушэньні нічога не мяняюць, і на апошніх старонках мы бачым герояў практычна гэткімі самымі, што і на пачатку. Але ў гэткай непадатнасьці на зьмены хаваецца не недахоп майстэрства пісьменьніка, а пэўная мараль і ідэйная пазыцыя, што і кіруе нас да іншага жанру.

«Літоўскі воўк» выглядае на аповесьць-прыпавесьць: мо крыху старамодна, але зь іншага боку — цалкам у рэчышчы з клясыкамі апошніх дзесяцігодзьдзяў. Раман жа гэта хіба толькі таму, што спалучэньне «гістарычны раман» гучыць прывабліва. Аднак пэўная раманная манумэнтальнасьць адчуваецца ў агульным кантэксьце творчасьці пісьменьніка. Ідэалы і кампрамісы: вось вакол чаго кружляе аўтарская думка. «Літоўскі воўк» чытаецца як падсумаваньне жыцьцёвага досьведу, як адказ паразумнелага з гадамі аўтара «Рабунькі» на пытаньне пра тое, што для нас сапраўды важна. Забягаючы крыху наперад, сп.Наварыч пасунуўся аж так далёка, што прызнае за ідэалам першаснасьць: пакуль ня зьявіцца, не загарыцца ў душы чалавека дасканалы паводле вызначэньня вобраз — не паўстане на ягоных касьцях брыдчэйшы, але жывучы кампраміс. Але ў астатнім ягоныя прыхільнасьці цалкам на баку апошняга.

Кітайская пагроза

Пяройдзем да дробязяў, што бянтэжаць і інтрыгуюць. У разьдзеле XVI (п.7) я «зачапіўся» за згадку пра «кітайскую пагрозу». «...Выбачайце, баюся, каб на тым жа Далёкім Усходзе так званыя нашы нашчадкі па-кітайску не загаварылі», — кажа спраўніку капітан жандараў Фогель. Хай сабе капітан рэпрэзэнтуе ў рамане асьвечаную частку імпэрскага апарату, выяўляе сябе гуманістам, інтэлектуалам і загараецца каханьнем да дзяўчыны-шляхцянкі, але ягонае мысьленьне павінна было вызначацца выключнай неартадаксальнасьцю, каб у 1864 годзе казаць гэткія рэчы. На той момант да імпэрыі яшчэ належала Аляска, Уладзівастоку ня споўнілася пяці год, а назва Далёкі Ўсход успрымалася хутчэй як калька з замежнай мовы (Far East, Extreme Orient). Кітай жа шкуматалі ўсе каляніяльныя дзяржавы, бо на той час гэта была слабая, адсталая і дрэнна кіраваная дзяржава.

Як там ні хацелася б сп.Наварычу, але ён і капітан Фогель — не адно і тое ж. Але пасыл зразумелы: стратэгічныя пытаньні выжываньня славянаў маюць прыярытэт па-над дробнымі клопатамі невялікіх народаў пра сваю незалежнасьць. Капітан Фогель мог пераймацца лёсам славянаў, але наўрад ці атаясамліваў гэткую пагрозу з кітайцамі. Клопат Наварыча ў тым, што боязі жандарскага капітана з 1863 году нам наўрад ці зразумелыя на ўзроўні падсьвядомых жахаў.

Аналіз вайны 1812 году ў разьдзеле XIV (п.2). З аднаго боку, усё нармальна: падзеі адбываліся на гэтай зямлі, Банапарт рабіў палітычныя захады, каб мабілізаваць на свой бок насельніцтва былой Рэчы Паспалітай… Стоп! А ці згадваецца ў «Літоўскім ваўку» тая Рэч Паспалітая? Але ж, аднойчы згадваецца. Гэтаксама аднойчы — Вялікае Княства. Аніводнага разу — Крымская вайна, на той час зусім нядаўняя, найярчэйшы прыклад таго, што Захад, «Эўропа», можа пры пэўных абставінах аб’яднацца, каб процістаяць Расеі. Вайна, якая, паводле саміх расейцаў, паспрыяла ўсьведамленьню неабходнасьці глыбокіх зьменаў ва ўнутранай палітыцы.

Нерасхістваньне чоўна

Цяжка назваць рэканструкцыю Наварыча адэкватнай гістарычным крыніцам, хутчэй гэта рэалізацыя аўтарскай задумы коштам тэндэнцыйнай маніпуляцыі гістарычнымі фактамі. Ад валюнтарызму церпіць дакладнасьць апісаньня матываў чалавечых учынкаў (бо як жа растлумачыць гатовасьць шляхты ісьці на збройны супраціў без апоры на гістарычную памяць пра шляхецкую Рэч Паспалітую, пра залатую вольнасьць і г.д. бязь сьвежых прыкладаў, што імпэрыя ня ўсёмагутная). Але аўтар выйграў ад сваёй гістарычнай «несумленнасьці». Бо ўважлівае чытаньне пераконвае, што ўсе гэтыя «недакладнасьці» ёсьць сьвядомай ахвярай фігуры дзеля дасягненьня галоўнае мэты. Фігура важкая — твор жа нібыта гістарычны. Якая мэта апраўдвае гэткі крок?

Калі казаць пра асьвятленьне нетраў гісторыі, пра ўзнаўленьне ў сьвядомасьці чытача гістарычных падзей, настрояў людзей мінулага, іхняе псыхалёгіі, дык «Літоўскі воўк» атрымае невысокую адзнаку. Калі шукаць рэакцыю на сучаснасьць, раман выйдзе нашмат цікавейшы. Асьвятленьне гістарычных падзей выглядае цалкам падпарадкаваным расейскім гісторыяграфічным канцэпцыям, і гэта ня можа выклікаць станоўчых эмоцыяў. Але выбар на карысьць мовы каляніяльнага дыскурсу ёсьць выдатнай дэманстрацыяй грамадзянскай пазыцыі. Прыярытэты Наварыча-сучасьніка (прашу — аніякіх паралеляў!) канцэнтруюцца вакол ідэяў «нерасхістваньня чоўна», супрацоўніцтва з рэальнай сілаю, адмоўнага стаўленьня да нефармальнае палітычнае актыўнасьці і — рэзка адмоўнага стаўленьня да палітыкаў.

Пісьменьніка перапаўняюць непрыхільныя пачуцьці да дзеячаў, чыя ахвярнасьць выклікае ахвяры перш за ўсё сярод іхніх прыхільнікаў, да прапаганды, якая найбольш і найперш падманвае шараговых прапагандыстаў, да высакародных лёзунгаў, што маўчаць пра пакуты, якія выкліча іхняе ўвасабленьне. Ён не хавае горычы, што да палітыкаў-самавукаў, агітатараў-дылетантаў, ваёўнікаў, не знаёмых са зброяю, безь якіх, аднак, не бывае ніводнага рэвалюцыйнага руху. Атрымоўваецца пасьлядоўная кансэрватысцкая пазыцыя, якая ўяўным дабротам рэвалюцыйных праектаў пераканана і настойліва супрацьпастаўляе спакой і стабільнасьць існага ладу: Наварыч шырока выкарыстоўвае сымболіку сямейнага жыцьця, спакой якога парушаюць што амурныя, што палітычныя фантазіі маладзёнаў.

Вось такая філязофія

Гэткі непатрабавальны падыход да ўлады, натуральна ж, вельмі распаўсюджаны. Ён вельмі старажытны. Але ён таксама вельмі павярхоўны. Ягоныя недахопы даўно вычарпальна раскрытыкаваныя. Але старажытнасьць ці недакладнасьць ня робяць ідэалягічную канструкцыю менш прыцягальнаю для людзей пры ўладзе. Ім філязофія «Літоўскага ваўка» павінна спадабацца. І сапраўды, як мы ведаем, спадабалася.

Добра выходзяць сцэны з выпіўкаю

У рамане сапраўды ёсьць на чым спыніцца воку. Найбольшым дасягненьнем, на мой погляд, ёсьць сцэна пачастунку «пад гарэхам» (разьдзел VIII). У беларускіх сучасных пісьменьнікаў традыцыйна добра выходзяць сцэны з выпіўкаю, але цымус тут у іншым. Сабраныя за адным шчодрым сталом субяседнікі вельмі хутка апынаюцца ў настроі братэрства і ўзаемаразуменьня. Хваля застольнага красамоўства непазьбежна ўзносіць усіх, незалежна ад пасадаў, да ўзроўню вольналюбівых сьпічаў — і ўсё сказанае з поўнай згодаю забываецца ранкам. Забываецца ўсімі, акрамя маладога хлопца, які ўпершыню ў сваім кароткім дарослым жыцьці сутыкнуўся з гэтай рытуалізаванай крывадушнасьцю.

Сцэна вартая, бы той санэт, цэлай паэмы. Не памылюся, калі скажу, што нешта такое колісь перажыта самім аўтарам у бурлівы перабудовачны час. Зь іншага боку, гэтая з жыцьця ўзятая сцэна выпісаная паводле старажытнага канону каляніяльных раманаў, і ейная крыштальная дасканаласьць прыхоўвае падман. Сапраўдныя людзі больш разнастайныя, а гэтак выглядалі арабы, індыйцы, эгіпцяне ў вачох супляменьнікаў Кіплінга: людзі Ўсходу ўсе аднолькава прымітыўныя, нетрывалыя ў сваіх думках, эмацыйныя. Створаныя, каб імі кіраваў нехта іншы. Гэтак наўрад ці варта ўяўляць сябе самім «тубыльцам», хіба што іх цікавіць прэмія імя Сэсыла Родса. Для тутэйшага гэта праблема не палітычных перакананьняў, а душэўнае раўнавагі: патрэбная нейкая процівага наканаванасьці каляніяльнага лёсу. У «Літоўскім ваўку» процівагі няма. Адчуваецца зададзенасьць асноўнае думкі: не дарасьлі мы да паўстаньня.

Сп. Наварыч быў бы кепскім пісьменьнікам, калі б пісаў вычарпальна-просталінейна. Ідэі выкладаюцца далікатна і ненастойліва. Толькі паўсюдная прысутнасьць іх літаральна ў кожным разьдзеле пераконвае, што пазыцыя выключна пасьлядоўная. Толькі поўная адсутнасьць хістаньняў ды ідэйных супярэчнасьцяў падказваюць, наколькі падпарадкаваны раман служэньню адной думцы.

І адно бясспрэчны талент апавядальніка дазваляе насуперак гэткай ідэйнай скіраванасьці захаваць займальнасьць аповеду, штораз прыбіваючы адчуваньне пустаты і сухасьці (а дакладней, неакрэсьленага напачатку расчараваньня, выкліканага непрыманьнем Наварычавай ідэйнай надбудовы). Раман нікуды ня кліча беларуса, больш за тое — ставіць крыж на кожным зародку спадзяваньня. Ён прапануе забыцца на велічнае мінулае (бо яго не было), ціха жыць як набяжыць (бо будучыня таксама пазбаўленая велічы) і ня марыць пра нешта большае, бо ў марах адно пустата і спакуса.

Скарочана. Поўны варыянт артыкулу можна прачытаць у: ARCHE. 2006. №5.

Алесь Наварыч. Літоўскі воўк. — Менск: Мастацкая літаратура, 2005. — (Сэрыя «Беларуская проза XXI стагодзьдзя»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0