Продкі Аві Сыльвэра паходзяць з Горадні. Дзякуючы яго дапамозе правядуць дасьледаваньне і рамонт фрагмэнтаў фасаду Вялікай харальнай сынагогі.

У Горадні працягваецца рэстаўрацыя Вялікай харальнай сынагогі. Паводле папярэдняй экспэртызы, на гэтыя мэты патрэбна вылучыць каля 1,2 млн. даляраў. Зважаючы на недахоп сродкаў, рэстаўрацыя адбываецца паэтапна. Немалыя грошы даюць спонсары. У верасьні мінулага году, дзякуючы намаганьням рабіна руху Хабад Іцхака Кофмана, былі распачатыя першыя працы. Сёлета сродкі на частковы рамонт фасаду сынагогі даў жыхар Аўстраліі Аві Сыльвэр, чые продкі паходзяць з Горадні. Плянуецца таксама правядзеньне фізыка‑хімічнага аналізу тынку і кладкі, каб рэстаўратары змаглі цалкам аднавіць іх даўнейшыя будаўнічыя складнікі.

Вялікая харальная сынагога была збудаваная ў Горадні ў XVI ст. За ўсю сваю гісторыю існаваньня ня раз цярпела ад пажараў. У XVII ст. пасьля чарговага пажару яе рэстаўраваў вядомы італьянскі архітэктар Санці Гучы. У часе апошняй вайны сынагога знаходзілася на тэрыторыі гета. Па вайне тут нейкі час разьмяшчаўся інтэрнат для настаўнікаў.

СП, паводле s13.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0