poster Сукіякі вэстэрн Джанга (Sukiyaki Western Django)
Японія, 2007, каляровы, 121 хв.
Рэжысэр: Такашы Мііке
Ролі выконваюць: Хідэакі Іта, Масанобу Анда, Каіці Сата, Квэнцін Тарантына
Жанр: Постмадэрновы самурайскі вэстэрн
Адзнака: 5,5 (з 10)

У мястэчку, дзе знайшлі золата, змагаюцца за ўладу банда Гэндзі, апранутая ў белае – і банда Хэйкэ, апранутая ў чырвонае. Калі ў вёсцы зьяўляецца каўбой, які надзвычай трапна страляе, паўстае пытаньне, а да каго ён далучыцца…

Карціна японскага рэжысэра Такашы Мііке, які выпускае дзёрзкія фільмы стаханаўскімі тэмпамі – глючнае сынэфільскае практыкаваньне ў вэстэрне, натхнёнае Квэнцінам Тарантына, які зьняўся ў ролі апавядальніка.

Каўбоі – за выняткам Тарантыны – японцы з кольтамі і катанамі, заклапочаныя цырымоніямі і новаю тэхнікай (кулямёты, выбухоўка – усё ідзе ў ход). Гэта вэстэрн, што зацята цытуе італьянскія стужкі 60-ых, самурайскія карціны Курасавы, мангу й анімэ, Уільяма Шэксьпіра, “Ноч жывых мерцьвякоў” і вампірскія штампы.

Мііке ня грэбуе анічым. Фільм пульсуе гвалтам, героі не хаваюць сваёй умоўнасьці і ганарацца благой гульнёў. Лёгіка стужкі – не сюжэт, і нават ня жанр – а цытаты зь фільмаў і жанраў, візуальная раскоша ліхаманкавага каляжу, белае і чырвонае, ружы, куля, адкінутая лязом.

Яйка зьмяі, выдранае зь ейнага цела, старая з кольтам, кулямёт у дамавіне, скрыня з золатам – усё падпарадкаванае кропкавым (і шыкоўным) візуальным ударам, якія пляваць хацелі на агульны сюжэт.

Неахайна-выбуховы постмадэрновы каляж Мііке і Тарантыны можа лічыцца аднолькава бяздарным і аднолькава геніяльным.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?