Я патэлефанавала Іне Кулей і запрасіла яе ў госьці. Яна спыталася адрас. Так проста. І ўражальна, улічваючы факт нашага поўнага незнаёмства… Першае, што я падумала, калі яна ўвайшла: так, гэтая жанчына падобная да першай лэдзі.

Бацька не пусьціў мяне ў юрысты

— Адны кажуць, што вы выкладалі матэматыку ў школе, другія — псыхалёгію ва ўнівэрсытэце… Як было насамрэч?

— У мяне тры адукацыі. Першая — факультэт дэфэкталёгіі Менскага пэдынстытуту. Я 15 год адпрацавала лягапэдам. Займалася дзецьмі, што заікаюцца. Іх ня вылечыш проста з дапамогай доктара. Лягапэд — двайная прафэсія: паўдоктар-паўпэдагог. Каб дапамагчы, трэба, каб бацькі ўключыліся ў працу, каб дзіця само дапамагала. З малога робіш калегу, які павінен глядзець за сабою — і не баяцца.

Потым я працавала ў школе. І ў нейкі момант адчула, што магу ня толькі праявіць сябе як выкладчык у дзяржустанове, а стварыць сваё жыцьцё сама. Так узьнік у Берасьці Цэнтар падтрымкі грамадзкіх ініцыятыў «Вежа». Вакол гуртавалася моладзь — адукаваная, разумная. Не хацелася адставаць ад іх, і я скончыла БДУ па спэцыялізацыі «эканаміст-юрыст». Год таму яшчэ абараніла магістарскую дысэртацыю ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце па паліталёгіі.

— А кім марылі стаць у дзяцінстве?

— Сьледчым. Бацька ў мяне юрыст, працаваў у пракуратуры. Сьціплы, прыстойны чалавек, паважны да іншых. Мама ў мяне — настаўніца беларускай мовы. Яна мяне вучыла адданасьці Радзіме… Але калі прыйшоў час выбіраць спэцыяльнасьць, бацька сказаў: «Жанчына — і ў пракуратуру?! У цябе ня будзе часу на сям’ю. Ды і я б не хацеў, каб у мяне была жанчына-памочніца. Яна будзе больш думаць пра дзяцей, чым пра працу». Мяне гэта крыху абразіла, але прымусіла задумацца. Ісьці на лягапэда мне нараіла маці. Калі я паступала, быў конкурс 25 чалавек на месца. Паступіла толькі на трэці год.

Я яго ўсё жыцьцё шукала

— А як Вы пазнаёміліся з Алесем?

— Прыехала чытаць сэмінар у Горадню, у памяшканьні грамадзкага аб’яднаньня «Ратуша», што ўзначальваў мой будучы муж. Гэта быў 1997 год. Гэта было як божая іскра! У мяне проста было пачуцьцё, што гэтага чалавека я шукала ўсё жыцьцё.

— Вы верыце ў каханьне зь першага погляду?

— Так. Якраз пасьля сустрэчы з Алесем і паверыла.

— Прабачце, а Ваш сын і Аляксандравы дзеці не былі супраць?

— Яны зразумелі нашы пачуцьці і дзядзя Саша адразу стаў для майго сына вялікім аўтарытэтам і сябрам. Праўда, калі мы бралі шлюб, ён спытаўся: «Мама, а табе гэта трэба?» Тлумачыў яму Алесь, як і сваім сынам: «Мужчына павінен несьці адказнасьць за жанчыну і за адносіны зь ёй». Цяпер нашы дзеці нават сябруюць паміж сабой.

— Хто мусіць быць галавой у сям’і?

— Мужчына мусіць прымаць рашэньні — калі ён варты гэта рабіць. Аляксандар у гэтым сэнсе Мужчына зь вялікай літары. Ён прымае рашэньні, ідзе наперад. Такому мужчыну прыемна падпарадкоўвацца.

— Што рабіць, у такім выпадку жанчыне?

— Быць проста хатняй гаспадыняй у сёньняшнім грамадзтве замала. Жанчына павінна адпавядаць свайму мужу і дзецям. Калі жанчына замкне свой сьвет толькі на кухні, яна шмат што страціць. Яна павінна знайсьці сабе месца, каб дапаўняць тое, што ня могуць зрабіць мужчыны. Мы розныя людзі: мужчыны розумам жывуць, а жанчыны — пачуцьцямі.

— Вы адчуваеце ціск на сям’ю, яго ўзмацненьне пасьля выбраньня Вашага мужа адзіным кандыдатам?

— Гэта хутчэй адбілася на арганізацыях, у якіх мы працуем. Бясконцыя праверкі, ліквідацыі… Цяпер пракуратура зноў правярае «Вежу». А сачэньне — гэта ў падарожжах. Затое хуліганы не нападуць — за намі ўвесь час цікуе машына КДБ. А то і тры… Першая прымета цікавасьці да нас была ў 1997 годзе. Калі мы проста хадзілі з Алесем па парку ў Берасьці і размаўлялі пра каханьне, за намі хадзілі людзі ў спартовых штанах, якія мянялі адзін аднаго ў паркавай прыбіральні: «Нарад здаў — нарад прыняў».

Быць хатняй гаспадыняй замала

— Часта жанчын папікаюць за ўдзел у грамадзкім жыцьці. Бацькі, мужы просяць «ня лезьці ў палітыку». Як Вы ставіцеся да гэтых перасьцярог?

— О так, мае бацькі таксама моцна перажываюць. Хоць яны ў мяне выпісваюць «Народную волю», размаўляюць па-беларуску, ставяцца да сёньняшняга рэжыму, як і моладзь… Але калі я зьбіралася зьмяніць школу на грамадзкую дзейнасьць, казалі: «Падумай пра пэнсію». Лягапэд працуе чатыры гадзіны ў дзень, мае шмат вольнага часу, можа мець сваіх вучняў па-за працай. Белы халат, кабінэт, прыемна. А тут гэтую ўтульнасьць мяняеш на жыцьцё, пры якім невядома, што будзе з табой заўтра. Сяброўкі задавалі пытаньні: «А навошта табе гэта трэба?»

— Вы… баіцеся?

— У нейкі момант чалавек проста пераступае гэтую прыступку страху. Калі гонар і годнасьць робяцца вышэйшымі за жывёльны страх. Калі ёсьць сьвятая мэта — тады гэта вышэй за страх.

Мой любімы колер сонца

— Што б Вы параілі жонкам тых мужоў, якія, як і Ваш…

— …Не згінаюцца?.. Я б нагадала фразу Яна Паўла II: «Ня бойцеся!» Хутка будзе ісьці збор подпісаў, набіраецца ініцыятыўная група. Калі ласка: будуць друкавацца кантактныя тэлефоны, то людзі могуць проста патэлефанаваць туды, і кожнаму знойдзецца і справа, і праца па сілах. Магчыма, нехта гатовы дапамагчы фінансава. Магчыма, у нас будзе свой Майдан і трэ будзе карміць людзей, якія будуць абараняць годнасьць краіны. Некаму хопіць і таго, каб ён пераканаў у неабходнасьці жыць па-іншаму бабулек на лавачцы, якія лічаць, што пэнсія — гэта самае галоўнае. Ня лёс чаркі і скваркі, а лёс іх унукаў павінен іх цікавіць!

— Што для Вас у жыцьці самае прыгожае?

— Бершты, дзе збудаваў дом мой муж. Прырода. Лес, возера. Гэта самае прыгожае. Прырода здымае і стрэсы, і стому, і неспакой. Чалавек шмат цудаў стварыў. Але прыродныя тварэньні — недасяжныя.

— Ваша любімая страва?

— Дранікі.

— Вашы любімыя кветкі?

— Жоўтыя хрызантэмы. Калі яны стаяць у пакоі, быццам сонейка блішчыць з кутка. Хрызантэмы — кветкі восені, а я нарадзілася восеньню. Яны доўга стаяць. Вось Алесь прынёс іх на мой дзень нараджэньня, 11 лістапада, а яны ўжо стаяць больш за месяц. Алесь, ён умее выбіраць…

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?