Вальжына Морт і Зьміцер Вішнёў пішуць і чытаюць вершы ў Бэрліне.

Трымаючыся адной рукой за локцік іншай, Вальжына Морт пазірае ў падлогу. «Логвінаўскі» зборнік вершаў, у якім заціснутыя аркушы паперы з кампутарнымі раздрукоўкамі, глядзіць долу. Зрэдчас яна страляе вачыма ў бок вядоўцы чытаньняў, якая акурат кажа пра тое, што «ў сваіх вершах Вальжына выражае адзіноту людзей, закінутых у гэты сьвет, і іх імкненьне да свабоды».

— Пачынаем, Вальжына? — пытаецца яна.

Моўчкі хітнуўшы галавой, паэтка выходзіць наперад. Пальцы крыху трымцяць. «Не, я не хвалююся перад выступамі», — сказала Вальжына за чвэрць гадзіны да пачатку чытаньняў, што прашлі 14 траўня ў бэрлінскай галерэі Giedre Bartelt, разьмешчанай на самым рагу Лініенштрасэ ды Малой Гамбурскай вуліцы, у Бэрлінскім раёне Мітэ, поўным мастацкіх салёнаў, ня дужа танных рэстарацыяў ды прагных да арт-допінгу мінакоў. Але Вальжына любіць выступаць першай — такім чынам можна лавіць кайф, спакойна слухаючы тых, хто выступае пасьля цябе.

«Беларуская мова», — звонка адбіваецца ад белых сьценаў назва першага вершу. Слухачы прыціхлі, нібы школьная кляса. Але памыляецца той, хто чакае пачуць выдатніцу ў гэтай апранутай амаль па форме (сьветлы верх, цёмны ніз) дзяўчынцы. Мякка, нібы саміца леапарда, Вальжына ідзе ў наступ. Брунатны замшавы пантофлік ледзьве заўважна адбівае рытм, дакладней, не адбівае, а расстаўляе акцэнты:

    Можа, нарадзіліся Мы бяз ноГ?

    Можа, Ня тыМ багаМ Молімся?

Вальжына ўмее ставіць націскі на зычныя. Канец вершу. Незаўважна аблізнуўшы губы, паэтка кідае непатрэбны аркуш у кут і бярэцца за іншы.

Наведнікі паслухмяна паварочваюць галовы да вядоўцы, якая збольшага роўным голасам (бо імітаваньне Вальжыны мае рызыку ператварыцца ў пародыю) чытае пераклад. Сербануўшы эмоцыяў ды пакаштаваўшы моўнага кактэйлю, слухачы патрабуюць сваёй порцыі зьместу. Ніхто ня кажа ні слова.

Сэанс паэтычнага гіпнозу

У адрозьненьне ад Вальжыны, зь яе асьцярожна зашпіленымі гузікамі ды старанна закасанымі рукавамі, Зьміцер Вішнёў — лёгкі хаос: чорная кашуля навыпуск, жоўтая асадка ў нагруднай кішэні, рукапісы з пакамечанымі рагамі. Для затраўкі клясык беларускага пэрфомансу чытае маленькі верш — «прозу ў паэзіі», — які быў напісаны па сьлядах апошніх, агульнавядомых (немцам у тым ліку) падзеяў у Беларусі. «Яксьці так выйшла — напісаў», — асьцярожна апраўдваецца Зьміцер і, дадаўшы да голасу пару дэцыбэлаў, кідае ў публіку назву: «Гематома галавы нумар два».

— Я гляджу на цябе па тэлевізіі — ты сталееш, мой дыктатар... — з іранічным дакорам пачынае Зьміцер. Ён гукае вершы, прыкрыўшы рот рукой, нібыта заблукаўшы ў лесе. Голас зьвініць у шкле рамак, за якімі хаваюцца фатаграфіі Артура Клінава ды Ігара Саўчанкі (чытаньні прымеркаваныя да закрыцьця іх фотавыставы ў галерэі). З кожным радком, з кожным складам Зьміцер крочыць наперад, зьядаючы вачыма тэкст і не заўважаючы нікога наўкола. Маша, па-дэкадэнцку экстравагантная аматарка беларускай паэзіі зь Пецярбургу, недаверліва ўздымае рэзка падведзенае брыво і насьцярожана падціскае ногі ў белых панчохах — што ні кажы, а яна сядзіць на падлозе перад родапачынальнікам «Бум-бам-літу», які, нібыта чорны лякаматыў, рухаецца ў яе кірунку. Аднак у самы апошні момант, калі сутыкненьне здаецца непазьбежным, Зьміцер спыняецца, рэзка паварочваецца і перагортвае старонку.

— Самі бачыце, славянская традыцыя чытаньня вершаў крыху адрозьніваецца ад нямецкай, — ніякавее вядоўца, спрабуючы даць рады вішнёўскай экспрэсіі ў перакладзе.

Неўзабаве пачынаецца новы верш. Пераход ад палітыкі да каханьня. Жаночая палова залі загіпнатызавана ўсьміхаецца.

Паўгадзіны паэтычнай атакі — і чытаньні пераліваюцца ў гутарку за келіхам шампанскага.

— Беларуская мова вельмі цікавая, — кажа Маша зь Пецярбургу. — Словы іншыя, эмоцыі іншыя.

— Мне спадабаліся выявы ў творах Зьмітра, асабліва ягоныя тараканы, — кажа яе спадарожніца, немка Рына.

Наведнікі разглядаюць фатаздымкі на сьценах. Фота Ігара Саўчанкі — расьцягнуты па старонках стары фотаальбом. Размазаная Крамлёўская вежа ў імгле. Сьцёрты твар хлопчыка на калектыўным фота. Фотапартрэт савецкага афіцэра, на палях — подпіс па-нямецку. Шэрыя людзі-трафэі на выцьвілай паперы. На фота Артура Клінава — горад Сонца. Санлівыя промні блукаюць па тынку будынкаў, што жывуць на пустых вуліцах. «Мая праграма — мастацтва з усходняй Эўропы, — распавядае Гідрэ Бартэльт, дырэктарка галерэі. — Імя «Саўчанка» заўсёды пачыналася для мяне зь вялікай літары, а з Клінавым я пазнаёмілася сёлета ўвосень. Ён распавёў мне пра свой праект «Горад Сонца», які падаўся мне вельмі цікавым. Лічу, што важна рабіць выставу ў гэты час, калі пра Беларусь так шмат кажуць і калі нямецкая прэса так чуйны адносіцца да гэтай краіны». А што да плянаў на будучыню, то спадарыня Бартэльт хацела б зладзіць у Бэрліне выставу Ўладзімера Цесьлера.

«Шанец папрацаваць»

Вальжына Морт ды Зьміцер Вішнёў трапілі ў Бэрлін на запрашэньне Бэрлінскага літаратурнага калёквіюму. Гэтая арганізацыя дае стыпэндыі літаратарам з усяго сьвету, каб яны маглі спакойна займацца творчасьцю ў нямецкай сталіцы, у віле на возеры Ванзэе, хаця б месяц не пераймаючыся жыцьцёвым клопатам. Маладыя беларусы будуць у Бэрліне да канца траўня. Але ці спрыяюць творчасьці такія «цяплічныя умовы»?

«Гэта шанец папрацаваць, — сьцьвярджае Вальжына. — Бо калі жывёш дома, то заўжды шмат праблемаў, трэба ежу гатаваць, госьці прыходзяць, «Санта-Барбара» ўвечары, яшчэ нешта... А тут такая камэрнасьць, пакой, у якім ты сядзіш і мэтанакіравана працуеш». Натхненьня гэта не пазбаўляе, наадварот: «Працуецца тут вельмі добра. Гул, гоман, мова, рух. Як казаў Вазьнясенскі — я пішу нагамі. Вось я таксама хаджу і пішу», — кажа Вальжына. Тым больш што для творчасьці ёй не патрэбная бесьперапынная зьмена абстаноўкі: «Я жахліва кансэрватыўны чалавек, я знайду якую-небудзь мясьціну і там заўсёды хаджу і нос далей ня высуну. Ну вось тут мне падабаецца, у Мітэ. Далей за бульвар Унтэр дэн Ліндэн не забіраюся».

Як рэагуюць на беларускіх літаратараў немцы? «Звычайна ёсьць два варыянты рэакцыі, — кажа Вальжына. — Вас прымаюць ці то за эстонцаў, ці то за фінаў. Тады даводзіцца распавядаць з самага пачатку. Другая рэакцыя — адразу ўзгадваюць палітычную сытуацыю і пачынаюць распытваць, што адбываецца ў Беларусі.

Галерэя Giedre Bartelt, дзе чыталі вершы беларускія паэты, месьціцца ў бэрлінскім мастакоўскім раёне Мітэ.

Чытаньні скончаныя, галерэя зачыненая. «Тоненькая, як твае вейкі», Вальжына пераходзіць праз скрыжаваньне каля спаруды мастацкага цэнтру «Тахэлес», бэрлінскага дому-голему, у пакоях-раскелінах якога зь цягам часу завяліся мастакі. Зьміцер паглядае на расьпісаную графіці будыніну згаладалым вокам, нібыта на даўнюю каханку пасьля доўгіх расстаньняў. У ліпені ён прыяжджае сюды, каб займацца жывапісам ды дапісваць свой раман пра «Тахэлес», які, як усё будзе файна, выйдзе налета па-беларуску і па-нямецку. Прынамсі ўжо ў гэты вечар у адной з кнайпаў на вудзільна Зьмітра патрапіць яшчэ адна перакладніца літаратуры, зачараваная фірмовай прынадай паэта-мастака — культавым каляндарыкам «Таракан — лепшы сябар чалавека». «Вось мы яшчэ адну перакладніцу адшукалі», — задаволена шэпча ён Вальжыне.

«Асяродзьдзе ў Літаратурным калёквіюме ня штучнае, — не згаджаецца Зьміцер. — Я ў Бэрліне пяты раз. Пасьля Менску гэта мой другі ўлюбёны горад. Гэта культурная сталіца Эўропы. Ён дыктуе ня моду, а стратэгію творчасьці. Чаму так? Бо тут была сьцяна, і тут склалася разам заходняе і ўсходняе мастацтва».

Сярод беларускіх творцаў Вальжына Морт, бадай, адна зь нямногіх, якая на практыцы ведае, што такое сапраўдны літаратурны агент. У Нямеччыну паэтка прыехала з ЗША, увосень зноў кіруецца за акіян — на выступы. Потым — паэтычныя фэсты ў Славеніі ды Лёндане.

Вечарэе. Вальжына спрачаецца са Зьмітром пра сыстэму, літаратуру ды Саюз пісьменьнікаў, даводзячы тое, што творцам спадзявацца трэба найперш на саміх сябе. Зьміцер, уплывовы каардынатар беларускіх праектаў выдавецтва «Логвінаў», кажа пра традыцыю СПБ і патрэбу падтрымліваць маладых літаратараў. Такія розныя ў многім, Зьміцер Вішнёў і Вальжына Морт падобныя ў адным: яны абкружаныя аўрай посьпеху, для якой нават напаўразбураная Бэрлінская сьцяна — не перашкода.

Алесь Кудрыцкі, Бэрлін

Фота аўтара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0