Іў Росі — чалавек і самалёт. 49-гадовы швайцарац стаў першым у сьвеце чалавекам, які пераляцеў Ля-Манш на сваіх дваіх... крылах.

26 верасьня ён выскачыў у неба над францускім Кале й ужо празь 10 хвілін прывітальна кружляў над гледачамі ў ангельскім Дуўры. Уся дарога заняла нейкіх 10 хвілін.

Росі — былы вайсковы, а цяпер грамадзянскі лётчык. За паўвека яму давялося папрацаваць на самых розных самалётах. Але ад 90-га году ён мроіў навучыцца лётаць сам па сабе. На чым ён толькі не скакаў з паветраных шароў ды самалётаў па дарозе да мэты — на дошках для сэрфінгу, на чырвоным сардэчку, стоячы на крылах зьменшанай мадэлі вайсковага зьнішчальніка, начапіўшы надзіманыя крылы. Гучыць весела, але такія гарэзы каштавалі жыцьця не аднаму лаўцу ветру.

Росі ўжо лётаў над Жэнеўскім возерам, Альпійскімі горамі, Ангельскім каналам, але там лёталі й да яго і на менш складаных прыстасаваньнях.

Тады Росі вырашыў зрабіць зь сябе самалёт і ўкруціў у крылы рэактыўныя рухавікі. А каб не спапяліцца ад жару выхлапаў, апрануўся ў адмысловы касьцюм. З сыстэм кіраваньня — адно ручка газу пад правай рукой. Астатняе — уласнай галавой. Любы няўдалы ківок ці паварот можа прывесьці да трагедыі. Але Росі не сьпяшаецца называць сваю вынаходку ідэалам — падымацца ў паветра сама яна пакуль ня ўмее.

Адметна, што гэты палёт адбыўся праз 99 гадоў пасьля таго, як Ля-Манш па тым самым маршруце ўпершыню ў гісторыі пераляцеў вынаходца Дуі Блерыё. Сусьветны канал National Geographic зладзіў жывую трансьляцыю пералёту Росі й прысьвяціў гэтай падзеі асобную старонку ў сеціве — jetmanlive.com.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?