«Германія была партнёрам Беларусі і застанецца ім пасля выбараў», — заявіў пасол ФРГ у Беларусі Гебхардт Вайс 1 кастрычніка на адкрыцці Дня нямецкай эканомікі ў Мінску.

Паводле яго слоў, існуюць розныя ацэнкі выбараў у Беларусі, у тым ліку і крытычныя заўвагі.

У яго склалася ўражанне, што пажаданні беларускага кіраўніцтва «не былі да канца зразумелыя на ніжнім узроўні». Атрымалася «змешаная карціна з пазітыўнымі элементамі».

Пазітыўным, паводле слоў дыпламата, з’яўляецца вызваленне ў краіне палітзняволеных, пачатак працэсу мадэрнізацыі, прыватызацыі, змяненне знешніх рамачных умоў, звязаных з пытаннямі энергетыкі. На яго думку, усе гэтыя фактары сведчаць аб усё большай верагоднасці змен у краіне ў розных кірунках.

«Нямецкая эканоміка гатова да партнёрства з Беларуссю, тым больш што цяпер у гэтага партнёрства з’явіліся новыя шанцы стаць больш крэатыўным, чым раней», — падкрэсліў ён.

«Мы падтрымліваем намаганні, якія апошнім часам урад Беларусі прыкладае для паляпшэння дзелавога клімату ў краіне», — падкрэсліў у сваім выступленні старшыня праўлення Нямецка‑беларускага эканамічнага клуба Клаус Баер. Разам з тым, паводле яго слоў, магчыма, пакуль яшчэ не ўсе рашэнні, што прымаюцца на высокім узроўні, выконваюцца на месцах.

«Цікавасць замежных інвестараў да Беларусі як да аб\’екта інвеставання ўзрастае», — канстатаваў К.Баер. Ён выказаў надзею на тое, што цяперашняя сустрэча «выкліча новыя імпульсы для развіцця нямецка‑беларускіх адносінаў», а таксама для раскрыцця патэнцыялу Беларусі, што дазволіць краіне «ператварыцца ў важны эканамічны цэнтр у Еўропе».

У гутарцы з журналістамі кіраўнік Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Уладзімір Аўгусцінскі зазначыў, што прынятыя ў краіне сістэмныя меры па паляпшэнні рамачных умоў для вядзення бізнесу, дапоўненыя магчымасцю набыцця акцый такіх буйных дзяржпрадпрыемстваў, як МАЗ, БелАЗ, «Гомельшкло», нафтаправод «Дружба», ствараюць добрыя перспектывы для інтэнсіфікацыі беларуска‑германскага гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

Паводле слоў У.Аўгусцінскага, сёлета Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі прымае ўжо пятую дэлегацыю дзелавых колаў Германіі, якая прыбыла ў Беларусь з мэтай пошуку патэнцыяльных партнёраў для супрацоўніцтва. У складзе дэлегацыі, якая бярэ ўдзел у Дні нямецкай эканомікі, — прадстаўнікі 24 фірм і арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, а таксама прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны і энергетыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?