альбо Пусты гранатамёт Кучынскага. Піша ў сваім блогу на сайце радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Калі Вольга Абрамава выйгравала парлямэнцкія выбары ў 2000‑м і 2004‑м гадах, больш за ўсё мяне ўражвала (і, прызнаюся, раздражняла) яе нахабная (ці наіўная) упэўненасьць, што на выбарах яна перамагае дзякуючы выключна сваім палітычным здольнасьцям і клапатлівай працы з насельніцтвам сваёй акругі.
Гэтыя выбары даказалі відавочнае — Абрамаву, як і іншых дэпутатаў, «прызначалі». А цяпер не прызначылі.

Ведаеце, што больш за ўсё даказвае «намаляванасьць» і апэрэткавасьць вынікаў гэтых выбараў? Не, не параза ў сваіх акругах яркіх апазыцыйных фігураў. Аб’ектыўна кажучы, мы ня ведаем, якая рэальная папулярнасьць гэтых асобаў сярод выбарнікаў — экзыт‑полаў не было, сацыялягічных апытаньняў таксама не праводзілася, у дэпутаты яны не абіраліся даўно, мы ня ведаем, наколькі яны вядомыя людзям.

«Улады не палічылі патрэбным выставіць вядомага чалавека»

Больш за ўсё пра характар гэтых выбараў гаворыць неабраньне Вольгі Абрамавай і Віктара Кучынскага. Віктар Кучынскі ў беларускі парлямэнт (раней Вярхоўны Савет, цяпер Палата прадстаўнікоў) абіраецца нязьменна ад 1990 году, і ўвесь час па адной, Кобрынскай акрузе. Вольга Абрамава першы раз перамагла ў сваёй акрузе на ўсходзе Менску ў 1995 годзе, яшчэ на дэмакратычных выбарах.

28 верасьня 2008 году Абрамава «набрала» 24 працэнты галасоў. Улады нават не палічылі патрэбным выставіць у яе акрузе нейкага вядомага чалавека (артыста, доктара) альбо мясцовага вэртыкальніка, каб потым можна было казаць, што гэты чалавек настолькі важны і вядомы сярод выбарнікаў, што тыя прагаласавалі менавіта за яго. Улады выставілі раней не заўважанага ў палітычным жыцьці і грамадзкай актыўнасьці 62‑гадовага фізыка, галоўнага вучонага сакратара НАН Мікалая Казака. Віктар Кучынскі, які калісьці сказаў легендарную фразу, што гадовы абараняць прэзыдэнта нават з гранатамётам, у сваёй акрузе таксама заняў другое месца — яго «перамог» генэральны дырэктар ЗАТ «Аптымалсэрвіс» Аляксандар Зазуля.

«Нашы героі ня трапілі ў «сьпісы»

Што здарылася? Чаму выбарнікі раптам адвярнуліся ад сваіх дэпутатаў, якія больш як дзесяць гадоў працуюць у акрузе, вырашаючы іхнія канкрэтныя праблемы — Абрамава і Кучынскі, нарэшце, адны зь нямногіх, хто выступаў супраць адмены льгот?

Можа, Аляксандар Лукашэнка недзе публічна выступіў супраць гэтых кандыдатаў? Альбо мясцовыя ўлады разгарнулі шалёную прапагандысцкую кампанію супраць Абрамавай і Кучынскага, закляйміўшы іх як ворагаў стабільнасьці ці прэзыдэнта? Не, нічога такога не было.
Проста нашы героі ня трапілі ў «сьпісы».

Калі Вольга Абрамава выйгравала выбары ў 2000 і 2004 годзе, больш за ўсё мяне ўражвала (і, прызнаюся, раздражняла) яе нахабная (ці наіўная) упэўненасьць, што на выбарах яна перамагае дзякуючы выключна сваім палітычным здольнасьцям і клапатлівай працы з насельніцтвам сваёй акругі. «Вось апазыцыя ня ўмее працаваць з выбарнікамі, — гаварыла Абрамава, — яна са сваёй мовай і дэмакратыяй не разумее іхніх патрэбаў, а я са сваім змаганьнем за камунальныя паслугі ведаю, што трэба людзям».

Чытаючы гэта, мне хацелася задаць пытаньне: «Вольга Міхайлаўна, няўжо вы не разумееце, што перамагаеце толькі таму, што ўлада вам гэта дазваляе?» І другое: «Як вы думаеце, калі ўлада вырашыць не пусьціць вас у парлямэнт, вы выйграеце гэтыя выбары?»

Калі б Вольга Міхайлаўна шчыра казала: «Так, мяне прызначылі, але я стараюся выкарыстаць гэта дзеля дэмакратыі і маіх выбарнікаў», — я б зразумеў, гэта было б сумленна.

Зрэшты, адказу на мае пытаньні не давялося доўга чакаць. З пэўных прычынаў на гэтых выбарах Абрамава, Кучынскі, Гайдукевіч, Красуцкі, Касьцян ды іншыя найбольш прыкметныя дэпутаты Палаты ня трапілі ў зацьверджаныя сьпісы «прызначаных» дэпутатаў. Гайдукевіч адчуў адразу, што шанцаў няма і не вылучаўся, рознымі супярэчлівымі заявамі спрабуючы захаваць твар, Касьцян, Красуцкі ды іншыя зьняліся ўжо пасьля рэгістрацыі кандыдатамі (ці дачакаліся прапановаў нейкіх пасадаў, ці ім проста даходліва «растлумачылі»). І толькі Абрамава і Кучынскі пайшлі на выбары, спадзеючыся на сваю папулярнасьць сярод жыхароў акругі. Ці гэта наіўнасьць ці крок адчаю — ня мне меркаваць.

«Ня выбарнікі тут вырашаюць, і ня варта прыкідвацца незалежнай»

Большасьці дэпутатаў Палаты ўсё выключна зразумела — ім «аказваюць давер», іх прызначаюць, яны ў адказ служаць. Вольга Абрамава як інтэлігентны чалавек ніяк не хацела зьмірыцца з такой фармулёўкай — празаічнай і непрывабнай для яе, такой яркай і здольнай палітычнай фігуры.
Але цяпер рэальнасьць зазірнула ў вочы прадстаўніцы «канструктыўнай апазыцыі» — палітычная вага, самастойнасьць і клопат пра выбарнікаў ня маюць ніякага значэньня, больш за тое, гэта падазроныя якасьці. Абрамаву, як і ўсіх іншых дэпутатаў, «прызначалі» і ў 2000‑м, і ў 2004‑м. А цяпер не «прызначылі».

Можа, Абрамава рэальна набрала 28 верасьня і 80 працэнтаў — я цалкам такое дапускаю, але ня выбарнікі тут вырашаюць, і ня варта прыкідвацца незалежнай.

Тут такая вядомая псыхалягічная абэрацыя. Калі мы недзе перамагаем, нам здаецца, што гэта выключна дзякуючы нашым здольнасьцям, талентам і намаганьням. Калі прайграем, то — вінаватыя надвор’е, абставіны, варожыя прошукі і гэтак далей. Так і Абрамава, напэўна, прымушала сябе верыць, што яна перамагала дзякуючы сваёй клапатлівай працы па «вяртаньні пэнсіянэрам ільготнага праезду ў дачны пэрыяд». Не, Вольга Міхайлаўна, вас прызначалі, а вы за гэта павінны былі казаць «дзякуй». А вы, няўдзячная, галасавалі супраць адмены льготаў. Зрэшты, калі я бачу, як асьцярожна вы даяце інтэрвію пасьля выбараў, калі я чытаю, як вы заклікаеце вашых выбарнікаў не аспрэчваць вынікаў галасаваньня па вашай акрузе, заклікаеце іх спыніць іхні «стыхійны бунт» — я разумею, што для вас ня ўсё страчана. Магчыма, улада яшчэ ацэніць вашу «стрыманасьць».

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0