Поліфанічнае інтэрвію.

Што даў нам Адам Глобус?

Ганна Кісьліцына: Найперш, актывізаваў новыя жанры ў беларускай літаратуры. Калі ў 2000-я даў нам інтэрнэт-раман, дык у 1990-я зьявіліся адкрыцьцём яго эратычныя навэлі. А яшчэ песьнявая паэзія — для Касі Камоцкай і «Бонды». Тое, што для нас было тады вельмі пільна, актуальна для беларускай культуры.

Найлепшая кніга? «Дамавікамэрон». Люблю, калі кнігі пасьля паўторных прачытаньняў цьвяляць ці расчульваюць наноў. Мяне асабіста «Дамавікамэрон» сьмяшыць дагэтуль.

Тым знакам, «Дамавікамэрон» forever?

Сяргей Дубавец: Не, найлепшая кніжка Глобуса яшчэ напішацца. А са зробленага — ягоны

зборнік паэзіі «Парк», які ўвайшоў у гісторыю літаратуры як маніфэст цэлай групы літаратараў, не падобных да папярэднікаў,
але падобных паміж сабою. Ужо тады Глобус-паэт адбыўся. Глобус-празаік, на маю думку, толькі пачынаецца. Ён практыкуецца, экспэрымэнтуе, робіць накіды. Але яго найлепшае апавяданьне — «Наша Ніва» са зборніка «Браслаўская стыгмата» — абяцае нам у будучыні зусім невядомага і зусім сталага Глобуса разам зь яго найлепшай кніжкай.

Дык што — і жнец і швец і на дудзе ігрэц?

Марыйка Мартысевіч: Глобус — найперш кароль мініятуры. Асабліва хочацца вылучыць ягоныя «Казкі» — выдатна абмаляваная архетыповасьць і дасканалае міфастваральніцтва. Глобус зрабіў пасьлясавецкую літаратуру жывой. Нават нягледзячы на параскіданую там-сям мярцьвячыну ў сюжэтах. Нават нягледзячы на мізантрапічны настрой. Па-другое, чытаючы Глобуса, пазнаеш рэальных людзей, ня ў сэнсе пэўных асобаў, а тыпажы: людзі абмаляваныя надта праўдападобна. Перашчэп цэлых кавалкаў жыцьця ў літаратуру робіць сваё.

Літаратурная фатаграфічнасьць?

Пятро Васючэнка: Спосабам бачаньня Адам — не філялягічны пісьменьнік. Хутчэй мае неўласьцівую белліту зрокавую традыцыю прозы. Кідаецца ў вочы яго візуальны шэраг. Таму

Глобус літаратурны — мастак хутчэй у вузкім значэньні слова, жывапісец.
А ўжо калі паглыбляцца ў мастацкія тэрміны, дык ягоную прозу я б назваў літаратурным кубізмам.

Дык што, Адам — найперш мастак?

Алесь Марачкін: Глобус — чалавек унівэрсальны, як у глыбіню так і ў шырыню. Усюдыісны, але ня ўсёедны. На маю думку, зь цягам часу будзе брацца за пэндзаль як далей, дык больш. Тут прычынай будзе і вобразнасьць яго літаратурных герояў. Ну і шэсьць гадоў у мастацкай вучэльні не мінаюць бясьсьледна. Таму ён — наш.

Яго паэзія трапная, бо вобразная, маляўнічая, краявідная. Канечне, Глобус — дзіця гораду, але разам з тым моцна павязаны зямлёй.

І не вясковы лірнік зусім, але і горад у яго нейкі адметны, надта адрозны ад папярэдніх вэрсіяў. І пэўна ж, няма пераемнасьці, скажам, з бацькам, Вячаславам Адамчыкам?

Валянцін Акудовіч: Ёсьць пераемнасьць, нават повязь, але ж глыбінная, не заўсёды бачная воку, можа быць. Кніга «Койданава», напрыклад, — разам зь яе адрознай эстэтыкай — усё ж працяг беларускай літаратурнай традыцыі. А так — Глобус хутчэй у эстытычнай апазыцыі ня толькі да бацькавай творчасьці, а да ўсяго пакаленьня бацькавых раўналетак. З сабой Глобус прынёс новы тып творцы, інаватара, творцы паліфанічнага.

Дык хто такі Адам Глобус?

Уладзімер Сьцяпан: Ведаеце, думаў я над гэтым пытаньнем. І для мяне гэта больш не загадка, бо для сябе я ўсё разьвязаў.

Вось спытайце людзей, хто такі Леанарда да Вінчы?
Усе адкажуць па-рознаму: хто скажа — выпрабавальнік, хто — жывапісец або навуковец, але, пэўна, усе сыдуцца ў думцы — што ўсюды ён быў мастаком. Гэтаксама Глобус — мастак і ў літаратуры, і ў жывапісе, мастак эпатажу, мастак уласнага жыцьця. Адам даўно адкрыў гэты закон злучаных сасудаў у мастацтве. Умела эксплюатуючы тэму, дае нырца ў адной галіне, каб шчасьліва вынырнуць у іншай. А далей для адоранага справа тэхнікі: захаваньне прапорцыяў прыгажосьці, пасыл, правакацыя...
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?