Стрэльбы выдалі замест калахаў, сам бачыў: каля кінатэатру «Гродна» насупраць турмы (выбачайце, «езуіцкага калегіюму», пад гэтай назвай улады хочуць усунуць цюрагу ЮНЕСКО ў сьпіс сусьветнай спачыны), выдавалі па чарзе з машыны, з кунгу. Байцы таксама штось атрымлівалі ў самім кінатэатры, праз тыльныя высокія дзьверы, але я ня ўбачыў, там натоўп утварыўся. Першы паранены, гімнасьцёрка ў чырвані (таматны сок, кетчуп…), таксама ў хвост чаргі ўстаў, бо ў хвост натоўпу ня скажаш хіба.

Як наступае восень, апошнімі гадамі сярод гарадзенскіх камяніц паяўляюцца кінагрупы. Ці таньней цяпер, ці ў іх трохмесячны адпачынак як тэатры. І ў кастрычніку яны будуць здымаць ліпень (!), прычым таксама й на прыродзе, фарсіраваць Дняпро на Нёмане, а ў цэнтры Горадні абараняць ад немцаў (божачкі!) Магілёў!! Кіно ёсьць кіно, браце, цырк на дроце, ці накшталт таго. Гэта я не чытачу, гэта я сам сабе. Але дзякуй ім, што прыяжджаюць, хай нават кіеўскае гэта здымаюць у нас, альбо «містычны горад Барыслаў». Ніхто, ясна, яшчэ не дадумаўся Горадню зрабіць Горадняй. Праўда, у адным з апошніх якраз фільмаў смершаўцы сустракаліся каля Фарнага касьцёлу ды ў іншых нашых месцах і ўсё зьбіраліся ехаць у Горадню, а тут у іх быў неназваны райцэнтар. Поўха патрыётам, але ўсё роўна цікава.

Пытаньні, канечне, самі сабой узьнікаюць. Вось жа горад Магілёў: не было землятрусу, не засыпала вулканічным попелам, не паглынула хвалямі як Атлянтыду, а здымаць няма чаго, у супрацьлеглы бок паехала кінагрупа. Не таму што фашысцкія морды яго разбурылі, не, хто бурыў — добра вядома. Дамоў жа старых было ня менш у Магілёве зь Віцебскам, і руйнавалі, нібыта, з аднолькавым камуністычным імпэтам, але ў Горадні троху болей, здаецца, захавалася. На нешта іншае больш энэргіі, мабыць, родная савецкая ўлада выкарыстала. На ўмацаваньне мяжы, напрыклад. Праўда вось ратушу магілёўцы нечакана адбудавалі, а ў нас гэтым нават ня пахне. Можа таму, што нашую вызваліцелі разбурылі раней — адразу пасьля вайны, ужо ня памятаюць, што існавала, а ў Магілёве ў савецкай улады да яе рукі ня так хутка дайшлі? Пытаньні без адказаў.

Знаеш, нават ня бачыўшы яшчэ машын з надпісам кінастудыі, разумееш, што гэта наш родны «Партызанфільм» прыехаў. Бо спачатку на мінамёт натрапіш за рогам (першая думка — ці ня сьнегавая гармата?), затым на чырвонаармейцаў. А далей ідзеш, насустрач вязуць бронемашыну. І пачынаеш разумець таксама: калі яе стварылі рабіць фільмы пра вайну і партызанаў, то Шэксьпіра яна дакладна экранізаваць ня будзе, ня здолее. Калі рэспубліку нашу стварылі як савецкую, то ёю яна й памрэ. Вось толькі калі? Ілюзыя 1991‑га, што зьмена назвы дапаможа. Не дапамагла, як бачым. Кіно круцяць старое, чорна‑белае, «наша кіно».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?