Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, каардынатар «Хартыі‑97» Андрэй Саньнікаў, а таксама лідэр незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч у пятніцу давалі прэс‑канфэрэнцыю, дзе падвялі вынікі парлямэнцкай кампаніі. Разам з тым, адразу было заяўлена, што склад удзельнікаў прэс‑канфэрэнцыі ня сьведчыць пра ўтварэньне нейкай новай кааліцыі.

Баршчэўскі кажа, што выбары пацьвердзілі дзьве відавочныя рэчы: у Беларусі няма і ня будзе ў найбліжэйшай пэрспэктыве парлямэнту як найвышэйшага заканадаўчага органу і тое, што кампанія была нічым іншым, як фарс.

«Выбары засьведчылі паразу АДС, якія ня здолелі адстаяць іншую палітычную пазыцыю. Гэтую паразу нам нанесьлі не ўлады, якія таксама прайгралі (выбары не былі прызнаныя місіяй АБСЭ), мы пацярпелі паражэньне ад свайго грамадзтва, якое бачыла непатрэбнасьць такога органу як палата прадстаўнікоў. Большасьць насельніцтва была гатовая праігнараваць гэтыя выбары, і на вялікай колькасьці акругаў так і адбылося. Яўка была б яшчэ меншая, калі б прадстаўнікі дэмакратычных сілаў выкарысталі права зьняць свае кандыдатуры. Палітычную адказнасьць за няслушна прынятыя рашэньні нясуць лідэры апазыцыйных партый, якія паддаліся вонкаваму ды ўнутрыпартыйнаму ціску і ня здолелі выявіць належнай палітычнай волі. На жаль, нэгатыўную ролю тут выканаў і кіраўнік Руху за Свабоду Аляксандар Мілінкевіч. АДС выйграла ў кантакце з замежнымі партнэрамі, якія не прызналі выбары, але прайграла ў кантакце з сваімі грамадзянамі», — кажа Л. Баршчэўскі.

Лідэр БНФ перакананы, што сытуацыя, якая склалася патрабуе пэўнага перагляду структураў АДС. Палітык кажа, што ўсе свае вонкавыя і ўнутраныя намаганьні кааліцыя павінна сканцэнтраваць на мінімальна неабходных зьменах у выбарчым заканадаўстве. Баршчэўскі абмежаваўся ад «капітулянцкіх заяваў» кіраўніка ПКБ Сяргея Калякіна, які заяўляе, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць «пры падобных умовах».

Андрэй Саньнікаў лічыць, што байкот парлямэнцкіх выбараў усё ж адбыўся. «Яўкі не было на многіх участках, людзі не цікавіліся выбарамі. Ідэя байкоту жыла ў грамадзтве незалежна ад волі палітычных лідэраў. Выбары яшчэ раз даказалі, што ўлада ня вырашыцца на зьмены. Разам з тым, на Захадзе хапае амаральных бізнэс‑колаў, якія спадзяюцца на беларускую прыватызацыю. На сёньняшні дзень на важна дамагацца нават не зьмены заканадаўства, а паляпшэньня ўмоваў правядзеньня выбараў», — кажа Саньнікаў.

Зьміцер Дашкевіч выступіў з рэзкай крытыкай прадстаўнікоў АДС, якія, ідучы на выбары, не змаглі закрыць траціну акругаў апазыцыйнымі кандыдатамі. «Лукашэнка падпарадкоўваецца толькі мове ўльтыматуму. І гэтым ультыматумам быў байкот», — гаворыць З.Дашкевіч. Ён таксама станоўча ацаніў акцыю, якая прайшла 28 верасьня на Кастрычніцкай плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?